Радзіме дарагой прысвячаецца! (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

У Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў урачысты канцэрт “Радзіме дарагой прысвячаецца!”, прымеркаваны да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З вялікай павагай і асаблівым гонарам вядучыя канцэрта павіншавалі землякоў і гасцей нашай малой радзімы з юбілейнай датай краіны, пажадалі працвітання і дабрабыту.

З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён адзначыў, што прызнанне Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў галоўным дзяржаўным святам з’яўляецца актам памяці і глыбокай пашаны герояў, якія аддалі жыццё за свабоду і незалежнасць Айчыны. Дзякуючы іх адвазе і стойкасці Беларусь атрымала тую сапраўдную незалежнасць, якой мы ганарымся. Аляксандр Міхайлавіч пажадаў, каб заўжды была квітнеючай, шчаслівай і мірнай наша краіна, а таксама шчасця, мірнага неба, здароўя ўсім дзятлаўчанам, каб у кожнага былі сілы і ўпэўненасць у сабе, сваіх здольнасцях, у ажыццяўленні ўсіх задумак і памкненняў.

Беларусы спрадвеку славіліся сваёй дабрынёй і адкрытасцю, заўжды былі рады гасцям. Вось і на сённяшнім свяце шчыра віталі гасцей Дзятлаўшчыны. Гэта Віталь Жылін, кіраўнік Абаянскага раёна Курскай вобласці; Віктар Чарных, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Абаянскага раёна; Віталь Дзмітрыеў, начальнік аддзела інфарматызацыі і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій адміністрацыі Абаянскага раёна. Яны таксама павіншавалі дзятлаўчан і ўвесь беларускі народ з Днём вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пажадалі шчасця, дабра, удачы, працвітання.

Прыемнымі музычнымі падарункамі для ўсіх сталі песні ў выкананні нашых землякоў Яны Мармыш і Сяргея Малышчыка, а таксама яшчэ адных гасцей  Дзятлаўшчыны – Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча.

Каля ўваходу ў Цэнтр культуры і народнай творчасці напярэдадні юбілейнага свята арганізавана выстава вышыванкі “Фарбы лета – да Дня Незалежнасці”. Яна змяшчае індывідуальныя работы майстрыхі-вышывальшчыцы Таццяны Загорцавай – мастацкага кіраўніка Новаельнянскага дома культуры. Родам Таццяна Васільеўна з Ганцавічаў Брэсцкай вобласці, майстэрства ручной вышыўкі пераняла ад матулі. Кожны твор вышывальшчыцы – яркі і непаўторны. Выстава прысвечана кветкам мірнай Беларусі, заклікана пагружаць гасцей у святочную атмасферу, радаваць фарбамі лета, дарыць добры настрой.

Святлана ГРЫШЫНА
Юлія БАКУНОВІЧ



Теги: