Дзятлаўскія школьнікі патушылі пажар

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Лета – час для адпачынку, забаў і аднаўлення сіл, таму на Дзятлаўшчыне пачалі працаваць 14 летнікаў, у аснову якіх ляглі ідэі ўмацавання здароўя дзяцей, фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця і развіцця творчых здольнасцяў.

У Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці на самым старце канікулаў прайшло свята дзяцінства, дзе для малечы была прадстаўлена тэматычная забаўляльная праграма “Фіксікі-ратаўнікі”.

Каб мерапрыемства прайшло не проста дзеля баўлення часу, работнікі сектара па рабоце з моладдзю ўключылі ў праграму карысную і неабходную інфармацыю.

Так, дзяцей у гульнёвай форме вучылі правілам пажарнай бяспекі і паводзінам у час пажару. Атрымалася, што ў іх была магчымасць адчуць сябе сапраўднымі пажарнымі і нават умоўна патушыць пажар.

Конкурсы скончыліся міні-тэстам на замацаванне атрыманых ведаў, а вынікі падвёў  інспектар Дзятлаўскага РАНС Дзмітрый Бобін.

Да таго ж, мерапрыемства разбавілі канцэртна-цыркавой праграмай юныя таленты раёна. Работнікі культуры таксама правялі акцыю “Знайдзі сабе справу па душы”, у ходзе якой заклікалі дзяцей да ўдзелу ў клубных фарміраваннях Цэнтра культуры і народнай творчасці: цыркавой студыі, танцавальнага калектыву, гульнёвага клуба і іншых.

Юлія БАКУНОВІЧ



Теги: