Зарплаты бюджэтнікаў па-новаму

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прайшоў семінар для спецыялістаў па тэме “Удасканаленне сістэмы аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый з 1 студзеня 2020 года”.

Увагу ўдзельнікаў пасяджэння скіравалі на тое, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2019 года № 27 у нашай краіне мяняецца схема разліку аплаты працы бюджэтнікам.

Якімі будуць з 1 студзеня 2020 года асноўныя змяненні ў сістэме аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый, расказала намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Святлана Волкава.

Святлана Анатольеўна дасціпна патлумачыла спецыялістам, як будзе вызначацца тарыфікацыя такіх работнікаў адпаведна тарыфнай сетцы, і парадак устанаўлення тарыфных разрадаў па пасадах (прафесіях) работнікаў бюджэтных арганізацый. Прысутныя даведаліся, якія выплаты ўстанаўліваюцца ў цэнтралізаваным парадку, якія стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты прадугледжаны заканадаўчымі актамі і пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Спынілася Святлана Волкава таксама на вызначэнні памераў і парадку ажыццяўлення стымулюючых і кампенсуючых выплат бюджэтнікам. Засяродзіла ўвагу прысутных на патрабаванні забяспечыць узровень налічанай заработнай платы не ніжэйшы за той, які будзе на момант увядзення новых умоваў аплаты працы. Даведаліся ўдзельнікі семінара і пра парадак вылічэння стажу, які ўлічваецца пры выплаце надбаўкі за стаж работы ў бюджэтных арганізацыях.

Напрыканцы пасяджэння спецыялісты мелі магчымасць падзяліцца меркаваннямі, задаць Святлане Волкавай хвалюючыя пытанні, атрымаць на іх кампетэнтныя адказы.

Ірына СТЫРНІК