У цэнтры сталіцы нашай Радзімы – горада Мінска, у самым яго сэрцы, ёсць адно месца, якое нікога не пакіне абыякавым.
Такім месцам з’яўляецца мемарыяльны комплекс “Востраў Мужнасці і Смутку”, або Востраў слёз, як называюць яго мінчане і госці сталіцы. Ён узведзены ў гонар беларусаў, якія загінулі ў час вайны ў Афганістане.
На экскурсію па Мінску мы, вучні 7 “А” класа, накіраваліся разам са сваімі настаўнікамі халоднай студзеньскай раніцай. Наведалі шмат цікавых мясцін. І вось мы на Востраве слёз. Прыпыніліся каля валуна – прысвячэнне, якое пранікнёна і эмацыянальна прачытаў экскурсавод: “Сынам, якія загінулі ў Афганістане, узведзены гэты храм-помнік па даручэнні беларускіх маці, якія не жадаюць, каб зло панавала ні на сваёй, ні на чужой зямлі”. Здавалася, гэтыя словы прымушалі мацней біцца нашы сэрцы, дапамагалі лепш зразумець увесь трагізм падзей, якія адбываліся ў той далёкай краіне. Мы ўявілі гэтых жанчын, якія гадавалі сваіх дзяцей для радасці, для жыцця, а атрымалі зло, смерць, роспач.
Сцішаныя, мы пакідалі гэта святое месца. У многіх на вачах былі слёзы.
Афганістан? Што я ведаю пра гэту краіну? Што ведаю пра тую вайну?
15 лютага споўніцца 30 гадоў, як скончылася тая вайна. Пра тыя падзеі можна даведацца не толькі са старонак падручніка гісторыі, але і з вуснаў яе ўдзельнікаў.
Дзмітрый Аляксеевіч Машчар, ураджэнец пасёлка Наваельня, расказвае: “Нашы хлопцы ў Афганістане не толькі ваявалі, але і будавалі арашальныя сістэмы, бальніцы, дызельныя электрастанцыі. Афганцы хутка зразумелі, што да рускіх можна звярнуцца па любой патрэбе: паклікаць доктара, папрасіць мукі, запалак – не адмовяць”.
Ролю савецкіх войскаў у Афганістане высока ацаніў тагачасны прэзідэнт Наджыбула. “Яны ратавалі дзяцей і жанчын ад смертаносных набегаў наёмных забойцаў. Дзякуючы іх мужнасці і гераізму афганскія дзеці атрымалі магчымасць наведваць школы, сяляне – збіраць ураджай, рамеснікі і рабочыя – працаваць. Нізкі паклон бацькам, якія выхавалі такіх сыноў і паслалі іх на подзвіг”.
Гэта вайна працягвалася доўгіх 10 гадоў. У ёй прымала ўдзел больш за 30 тысяч беларусаў. На жаль, не ўсе маці дачакаліся сваіх сыноў. Але і для жывых удзельнікаў гэтай вайны Афганістан надоўга заставаўся крываваю ранай.
Аўтаматныя чэргі, кішлакі, якія запоўнены ўзброенымі баевікамі, горная дарога, кожны метр якой паліты крывёю маладых хлопцаў, вочы параненага сябра…
Усё гэта знітавалася ў адзін сувой, назва якому – трагедыя народа, трагедыя пакалення, абпаленага вайной, якой магло і не быць.
Больш за сто маладых дзятлаўчан выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. І выконвалі яго з гонарам. Сярод герояў той вайны і наш зямляк, Аляксандр Сяргеевіч Шылаў, які ў час выканання аднаго задання ў правінцыі Герат быў цяжка паранены і памёр у шпіталі. Пахаваны ў пасёлку Наваельня.
Сёння яго імя носіць піянерская дружына Наваельнянскай сярэдняй школы. Піянеры імкнуцца з гонарам насіць гэта слаўнае імя. Кожны год 15 лютага на магіле Аляксандра Шылава адбываецца жалобны мітынг. Хвілінай маўчання ўшаноўваюць памяць славутага земляка дарослыя і дзеці.
Так сталася, што сёння людзі па-рознаму ставяцца да падзей той вайны, па-рознаму ацэньваюць яе вынікі. Галоўнае, каб войны не ўзнікалі нідзе. Беларускі народ ад войнаў нацярпеўся спаўна. Ён заслугоўвае таго, каб жыць у міры. А памяць пра тых беларусаў, што загінулі на Афганскай вайне, няхай напамінае пра адказнасць за лёс усёй нашай планеты.
Васіліна МІХАЛЕВІЧ,
навучэнка 7 “А” класа Наваельнянскай сярэдняй школы