Навагоднія іспыты для адораных дзяцей

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У cярэдняй школе №3 горада Дзятлава ў рамках акцыі “Нашы дзеці” прайшоў раённы навагодні ранішнік для адораных дзяцей.

У актавай зале сабраліся юныя інтэлектуалы, спартсмены, крэатыўныя хлопцы і дзяўчаты, дасягненні якіх вядомы як на Дзятлаўшчыне, так і на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

Павіншаваць іх прыйшлі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Наталля Белаус, галоўны спецыяліст Алена Гарановіч, загадчыца Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Кулеш.

Прадстаўнікі моладзі размаўлялі, жартавалі, знаёміліся і дзяліліся сакрэтамі сваіх поспехаў.

Сустрэча праходзіла ў фармаце забаўляльная праграмы, яе задачамі былі падвесці вынікі Года малой радзімы і прадэманстраваць дасягненні лепшых вучняў Дзятлаўшчыны. Для гэтага вядучыя праекта выбралі розныя формы — інтэрв’ю, віктарыны, відэапасланні, апытанні, гульні, майстар-класы.

Інтэлектуалы годна абаранялі сваё званне, з гумарам, праявіўшы кемлівасць і фантазію, справіліся з усімі іспытамі.

А якое ж навагодняе свята без Дзеда Мароза і Снягуркі? Яны таксама арганізавалі конкурсы для прысутных, напрарочылі ім новыя дасягненні ў новым  годзе і ўручылі традыцыйныя салодкія падарункі.