У другім паўгоддзі 2015 года Дзятлаўскае РУП ЖКГ праводзіць капітальны рамонт чатырох шматкватэрных дамоў у горадзе Дзятлаве: №18 па вуліцы Савецкай; №20 па вуліцы Савецкай; №28 па вуліцы Кастрычніцкай; №24 па вуліцы Перамогі. Ужо зроблена праектна-каштарысная дакументацыя, ідуць падрыхтоўчыя работы. За кошт сродкаў, накіраваных на капітальны рамонт жыллёвага фонду, ва ўсіх гэтых дамах плануецца адрамантаваць дахі, балконы, уцяпліць фасады, замяніць унутрыдамавыя інжынерныя сістэмы ў стаяках агульнага карыстання. А вось пад’езды будуць адрамантаваны за кошт жыхароў, як цяпер гэтага патрабуе закон.

Уласнікі кватэраў павінны ведаць, што калі раней яны прымалі долевы ўдзел у рамонце пад’ездаў, то цяпер аплата за яго поўнасцю кладзецца на іх плечы. Сума пазней будзе адлюстравана ў квітку на аплату. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 2014 года №12 вызначаны пералік работ па бягучым рамонце, які поўнасцю аплачваюць жыхары. У яго, у прыватнасці, уваходзяць пафарбоўка-пабелка, аднаўленне тынкоўкі і абліцоўкі ў месцах агульнага карыстання і іншае. Таксама загадам Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага 2015 года №5 былі зацверджаны метадычныя рэкамендацыі, якія вызначаюць адзіны парадак планавання і арганізацыі адпаведных работ.

Так, перад рамонтам пад’ездаў жыллёва-камунальныя службы абавязкова арганізоўваюць агульныя сходы жыхароў. Разам яны вызначаюць пералік і якасць матэрыялаў, узгадняюць каляровае вырашэнне, выбіраюць упаўнаважаную асобу ад жыхароў для прыёмкі выкананых работ. Па выніках сходу складаецца пратакол, у якім адлюстроўваюцца прынятыя рашэнні, пазней складаюцца дэфектны акт і лакальны каштарыс, падпісваюцца дагаворы з жыхарамі. Канчатковыя памеры аплаты залежаць ад фактычнага кошту выкананых работ у долі, адпаведнай агульнай плошчы жылых кватэраў, якія займаюць грамадзяне.

Аплата за рамонт пад’езда прад’яўляецца ўсім спажыўцам, у карыстанні якіх знаходзіцца пад’езд, у тым ліку ўласнікам кватэраў, якія адмовіліся ад падпісання дагавора.

Такія сходы ўжо адбыліся ў Дзятлаве з жыхарамі ўсіх чатырох дамоў, якія сёлета будуць капітальна адрамантаваны. Але калі жыхары дамоў №18 і №20 па вуліцы Савецкай і дома №28 па вуліцы Кастрычніцкай змаглі дамовіцца з камунальнікамі аб арганізацыі работы па правядзенні рамонту пад’ездаў, то жыхары дома №24 па вуліцы Перамогі адмовіліся аплачваць рамонт.

Службовыя асобы РУП ЖКГ — намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Алег Міхайлавіч Хілімончык і старшы майстар жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка Галіна Мікалаеўна Альшэўская — патлумачылі ўзніклую сітуацыю:

— Мы дзейнічаем згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Цяпер бягучыя і планавыя рамонты ў пад’ездах павінны аплачваць уладальнікі кватэраў. На жаль, у час агульнага сходу з жыхарамі дома №24 па вуліцы Перамогі мы так і не змаглі прыйсці да канчатковага пагаднення. Уладальнікам кватэраў гэтага дома Дзятлаўскае РУП ЖКГ прапаноўвала некалькі магчымых варыянтаў арганізацыі работ. Першы — скарыстацца ўжо распрацаванай праектна-каштарыснай дакументацыяй на аднаўленне пад’ездаў, дзе вызначаны кошт, матэрыялы і віды работ. Іх выканае арганізацыя-падрадчык, якая будзе праводзіць капітальны рамонт дома. Уладальнікам кватэраў пасля завяршэння рамонту пад’ездаў у гэтым выпадку будзе выстаўлены кошт, прапарцыянальна плошчы займаемага імі жылога памяшкання (кватэры).

Другі варыянт з’яўляецца больш танным: жыхары пад’езда могуць зрабіць рамонт самастойна, наняўшы для гэтага прыватнага прадпрымальніка або работнікаў прыватнага ўнітарнага прадпрыемства.

Трэці варыянт — самы бюджэтны: усе неабходныя работы жыхары пад’езда могуць выканаць самастойна, сваімі сіламі.

Але ў апошніх двух выпадках пад’езды павінны быць адрамантаваны, пакуль ідзе капітальны рамонт дома, да моманту яго здачы ў эксплуатацыю.

Карэспандэнтка газеты пацікавілася, што будзе, калі жыхары дома №24 па вуліцы Перамогі не пойдуць на кампраміс?

— У гэтым выпадку будзем дзейнічаць згодна з законам, — патлумачылі камунальнікі. — Арганізацыя-падрадчык, якая будзе праводзіць капрамонт дома, у абавязковым парадку выканае работы па рамонце пад’ездаў. Затым жыхарам выставім сумы, якія давядзецца аплаціць. Таму, пакуль ёсць час прыняць правільнае рашэнне, якое задаволіць усіх, варта гэтым скарыстацца.

— Але людзі тлумачаць, што спраўна плацілі па квітках на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі дома, цікавяцца, няўжо гэтых грошай не хопіць на рамонт?

— Жылому дому №24 па вуліцы Перамогі — 42 гады, — расказвае старшы майстар жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка Дзятлаўскага РУП ЖКГ Г. М. Альшэўская. — Мы падлічылі, колькі грошай за гэты час яго жыхары пералічылі на капрамонт. Падлік вялі ў чэрвеньскіх цэнах.

Так, за чэрвень 2015 года на капрамонт былі пералічаны 892 106 рублёў. Адпаведна, за мінулы перыяд 2015 года гэта сума склала 5 352 636 рублёў. За ўсе 42 гады жыхарамі сабраны 449 621 424 рублі ў цэнах 2015 года. Усяго за капрамонт аплачана 454 974 060 рублёў. Каштарысны кошт капрамонту дома складае 1 870 517 759 рублёў. Тэндар — 1 700 664 174 рублёў. Сума сродкаў, якіх не хапае (будуць пагашаны за кошт мясцовага бюджэту) — 1 245 690 114 рублёў. Цяпер можна падлічыць, што калі б жыхары дома №24 па вуліцы Перамогі спрабавалі сабраць гэтыя грошы самастойна, ім бы давялося плаціць адлічэнні на капітальны рамонт яшчэ на працягу 80 гадоў. Мы жывём у прававой дзяржаве, дык давайце разам знойдзем кампраміс у вырашэнні ўзніклай праблемы. Закон існуе для ўсіх, і парушаць яго ніхто не мае права.

Падрыхтавала да друку І. ЛЕАНІДАВА

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации