Маладым – у прафесію дарога

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

6 снежня на Дзятлаўшчыне адбылася традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі.

Падобныя мерапрыемствы патрэбны не толькі для вырашэння праблем і цяжкасцяў, з якімі часам сутыкаюцца маладыя людзі, але і як магчымасць пазнаёміцца, больш даведацца пра раён і людзей і каб моладзь ведала, што ёй надаецца ўвага, аказваецца падтрымка на самым высокім узроўні.

Сустрэча, удзел у якой прынялі 35 маладых работнікаў арганізацый, гаспадарак, прадпрыемстваў і ўстановаў нашага
раёна пачалася ў зале пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта. Тут маладых спецыялістаў павітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч.

– Сёння вы маеце ўнікальную магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам раёна, вы можаце абазначыць праблемы, якія вас цікавяць, бытавыя пытанні, мы будзем рады вас выслухаць і аказаць садзейнічанне ў іх вырашэнні. Кіраўніцтва раёна імкнецца стварыць умовы для маладых спецыялістаў, каб першае рабочае месца стала пастаянным. У вас, маладых, ёсць выдатныя перспектывы і магчымасці, каб паднімацца па кар’ернай лесвіцы да кіруючых пасадаў. На гэтым шляху мы ствараем для вас спрыяльныя магчымасці. Вядома, Дзятлава – горад невялікі. Магчыма, вы марылі працаваць у абласным цэнтры ці сталіцы, але, паверце, у раёнах больш магчымасцяў стаць паспяховымі. Тут вас усіх бачаць, ацэньваюць, вашы ініцыятывы і крэатыў заўсёды будуць заўважаны наймальнікамі і кіраўніцтвам раёна.

А цяпер мы прапаноўваем вам пазнаёміцца з раённым цэнтрам, яго славутасцямі і гісторыяй, а затым прадоўжыць размову з кіраўніцтвам і спецыялістамі раёна ў фармаце “Адкрытага мікрафона”.

Моладзь падзялілася на дзве групы і разам з навуковымі супрацоўнікамі Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея Вольгай Цюшляевай і Аленай Абрамчык, якія выступілі ў якасці экскурсаводаў, рушыла па вуліцах Дзятлава, а затым азнаёмілася з музейнымі экспазіцыямі.

У час “Адкрытага мікрафона”, які праходзіў у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, да маладых спецыялістаў звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік.

– Сёлета на Дзятлаўшчыну, каб пачаць сваю прафесійную дзейнасць, прыбылі 100 маладых спецыялістаў – 42 выпускнікі ВНУ і 58 – сярэдне-спецыяльных навучальных установаў (летась для параўнання – 114 маладых спецыялістаў). Калі разгледзець размеркаванне маладых работнікаў па галінах дзейнасці, 43 чалавекі займаюцца сельскай гаспадаркай, 20 – адукацыяй, 20 медыцынай, 4 – культурай, 15 новых работнікаў прыступілі да работы ў лясгасе, камунгасе, райЦГЭ, спажыўтаварыстве, раёне газазабеспячэння. Мы гатовы выслухаць кожнага, пачуць вашы ўражанні ад працоўнай дзейнасці, пытанні, пажаданні. Будзем рады прыняць вашы прапановы і наватарскія ідэі. Пастараемся стварыць для вас такія ўмовы працы і быту, каб пасля заканчэння тэрміну адпрацоўкі вам захацелася застацца ў раёне. Спадзяёмся, што ваша жыццё на Дзятлаўшчыне будзе насычаным і камфортным. Поспехаў вам.

Напярэдадні сустрэчы былі вывучаны пытанні, якія хвалююць моладзь раёна, а таму перад маладымі спецыяліствамі выступілі прадстаўнікі розных галінаў дзейнасці. Так, дырэктар ЦБП №407 філіяла 413 ААТ “ААБ Беларусбанк” Сяргей Русак расказаў аб ільготным крэдытаванні. Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Васкель патлумачыла пытанні забеспячэння сацыяльных гарантый маладых спецыялістаў. Аб пытаннях жыллёвай палітыкі ў нашым раёне падрабязна расказаў намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Васіль Мудры. Інфармацыяй аб магчымасцях культурна бавіць вольны час, займацца спортам, развіваць творчыя здольнасці, удзельнічаць у справах ГА “БРСМ” падзяліліся загадчыца аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец і першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

У тым, што Дзятлаўшчына папоўнілася маладымі талентамі прысутныя яшчэ раз упэўніліся ў час выступлення Анастасіі Максіменкі і Ірыны Гіноцэ.

Ірына СТЫРНІК