Месяц трэніровак, рэпетыцый, фотасесій, падрыхтоўка касцюмаў – кругласутачная работа над сабой.
Праз усё гэта прайшлі ўдзельніцы конкурсу “Місіс Дзятлаўшчыны-2018”, які адбыўся 24 лістапада ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.
За званне “Місіс Дзятлаўшчыны-2018” змагаліся пяць жанчын: Анастасія Голуб, Аксана Ярмаловіч, Наталля Новікава, Надзея Чэнтук, Людміла Адамчык. Кожная з іх, без перабольшання, заслугоўвае самых высокіх узнагародаў, кожная ўжо пераможца, бо перамагла сваю сарамлівасць, сціпласць, хваляванне, каб пакарыць і гледачоў, і журы.
У першым конкурсным заданні – дэфіле ў вобразах – канкурсанткі паказалі, наколькі яны прыгожыя, абаяльныя і па-свойму непаўторныя.
Сваё майстэрства ў якасці гаспадыняў яны прадэманстравалі ў кулінарным конкурсе “Гасцей сустракаем караваем”, на які прадставілі караваі, спечаныя дома.
На выдатна справіліся канкурсанткі і з дамашнім заданнем пры падрыхтоўцы прэзентацыі пра сябе. Анастасія Голуб паказала часцінку свайго жыцця – дружную сям’ю, траіх любімых дзетак, Аксана Ярмаловіч расказала пра сям’ю, работу і захапленні. Наталля Новікава паведала, што ў жыцці прытрымліваецц прынцыпаў Канфуцыя, для Надзеі Чэнтук у жыцці галоўнае – сямейныя каштоўнасці, а Людміла Адамчык расказала, як любіць марыць, казкі і марожанае.
У творчым конкурсе членам журы таксама няпроста было вызначыцца з пераможцай. Удзельніцы прыгожа танцавалі і спявалі, а таксама паказвалі артыстызм у гумарыстычных сцэнках.
Даказалі, што яны не толькі прыгожыя, але і разумныя, удзельніцы ў інтэлектуальным конкурсе. Што для жанчыны галоўнае ў жыцці, што можа зрабіць яе па-сапраўднаму шчаслівай, якімі ўнутранымі дадзенымі павінна валодаць, у які момант жыцця хацела б вярнуцца і якія тры жаданні загадаць – вось пытанні, на якія адказвалі канкурсанткі.
Усім гасцям мерапрыемства ў гэты дзень прадаставілася магчымасць вярнуцца ў сваё дзяцінства і ўбачыць любімых герояў казак, а заадно даведацца, якія казкі любяць дзеці канкурсантак, бо яны ўдзельнічалі разам з мамамі ў фінальным дэфіле. Анастасія Голуб са сваімі дзецьмі Каралінай і Дэвідам палюбілі казку “Прыгоды Бураціна, або Залаты ключык”, Аксана Ярмаловіч са сваёй дачушкай былі гераінямі казкі “Прынцэса Анастасія”, Наталля Новікава і яе ўжо дарослая дачка здзейснілі падарожжа ў казку “Папялушка”, Надзея Чэнтук з хроснай дачушкай пабылі пад чарамі Снежнай Каралевы, а Людміла Адамчык з дочкамі – героі казкі “Царэўна-Лягушка”.
Варта адзначыць, што на працягу ўсяго мерапрыемства, у перапынках паміж конкурсамі, свае вясёлыя песні і выступленні дарылі гледачам таленавітыя артысты Дзятлаўшчыны – Максім Юганаў, Анастасія Максіменка, Валерый Макарчык, Наталля Бузук, цыркавая студыя “Марсі”, Ала Чарняўская, якая, дарэчы, з’яўлялася галоўным рэжысёрам-пастаноўшчыкам конкурсу.
Нарэшце, члены журы падвялі вынікі і выйшлі на сцэну, каб павіншаваць пераможцаў і ўручыць прыемныя падарункі. Так, Місіс глядацкіх сімпатый стала Анастасія Голуб, Місіс індывідуальнасць і Місіс фота – Аксана Ярмаловіч, Місіс абаянне – Наталля Новікава. У тройку пераможцаў увайшлі: другая віцэ-місіс – Надзея Чэнтук, першая віцэ-місіс – Людміла Адамчык, уладальніцай тытула Місіс Дзятлаўшчыны-2018 стала Анастасія Голуб. Самы галоўны для яе прыз – карону ўручыла Краса Дзятлаўшчыны-2017 Ангеліна Дулебянец. Таксама ад аднаго са спонсараў конкурсу – індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Князева – пераможца атрымала падарункавы сертыфікат на набыццё брэндавага абутку, ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” на чале з Ігарам Кухарэвічам – сертыфікат на наведванне аквапарка “Лебяжий”.
Святлана ГРЫШЫНА
Фота, відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ
5 Комментарии
Супер!!! Красивые женщины, хорошие фото, много видео.
Все участницы просто молодцы, выступили достойно
Молодцы девчонки! Все достойно выступили. Красавицы!
Хороший конкурс. Все девочки красивые. Организаторы молодцы, что подарили такой праздник для всех. Все было супер!
У меня не получилось присутствовать на конкурсе, но благодаря вашему сайту я насладилась просмотром конкурса по фото и видео. Спасибо за хорошее освещение праздника