Шосты элемент знайшлі на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

31 кастрычніка ў Наваельнянскай школе праходзіў абласны семінар “Мадэль арганізацыі дзейнасці ўстановаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў шосты школьны дзень”, або “Фэст – 6 элемент”, як яго крэатыўна назвалі педагогі.

Удзел у мерапрыемстве прымалі намеснікі дырэктараў установаў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, метадысты, намеснікі дырэктараў па выхаваўчай рабоце, педагогі-арганізатары, педагогі-распрацоўшчыкі праектаў шостага школьнага дня.

Першымі на наваельнянскай зямлі гасцей павіталі самыя актыўныя, самыя цікаўныя і творчыя яе жыхары – дзеці. Навучэнцы школы падрыхтавалі невялікую вершаваную прэзентацыю пра сваю ўстанову. Цікава, з гумарам расказалі пра свае будні, асобна спыніліся на дзейнасці ў шосты школьны дзень. Мажорны настрой фэсту задало выступленне ўзорнага духавога аркестра “Наваельнянскія трубачы”.

Чаму пляцоўкай для правядзення семінара выбралі менавіта Дзятлаўскі раён, расказала метадыст аддзела ідэалагічнай і выхаваўчай работы Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Любоў Бірукова:

– Прайшоў год, як Гродзенская вобласць прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе праектаў шостага школьнага дня. Менавіта 2017 год для Прынёмаскага краю быў найбольш выніковы, бо мы атрымалі гранты гэтага конкурсу і сталі пераможцамі ў дзвюх намінацыях. Ад вобласці заўжды прадстаўляюцца тры праекты, і ўсе нашы праекты “выстралілі”. Якія адносіны яны маюць да сустрэчы? Вы ведаеце, што напярэдадні рэспубліканскага конкурсу заўжды ладзіцца абласны этап, які праводзіць інстытут развіцця адукацыі. Менавіта з Дзятлаўскага раёна да нас паступіла большасць праектаў, і менавіта Дзятлаўшчына атрымала 4 узнагароды за 5 праектаў. Улічваючы, што 2 праекты былі з адной школы, дазвольце лічыць, што ўсе ўстановы-ўдзельніцы былі ўзнагароджаны. Гэта першае “чаму”. Другое: менавіта Дзятлаўскі раён прынёс у скарбонку Гродзеншчыны перамогу на рэспубліцы ў адной з намінацый. Трэцяе: Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава на вобласці атрымаў дыплом першай ступені, і толькі таму, што рэспубліка не запытвала праекты далей, ён не быў прадстаўлены на далейшым этапе конкурсу.

Вы пазнаёміцеся з праектамі, якія прадстаўлялі дзятлаўскія калегі на абласным і рэспубліканскім этапах. Зноў нас уражвае мясцовы Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, які завяршыў рэалізацыю праекта-пераможцы і дае старт новаму. Безумоўна, вялікая роля ў тым, што раён заўважаюць у вобласці і рэспубліцы, належыць аддзелу адукацыі, таму слова спецыялістам.

– Мы як маленькі раён стараемся захаваць адукацыйную сетку, каб усё для дзяцей было ў крокавай даступнасці. У нас шмат творчых педагогаў і таленавітых дзяцей, – звярнулася да прысутных начальнік аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус. – У нас сфарміравана выхаваўчая прастора, якую трэба пастаянна развіваць, каб арганізаваць занятасць дзяцей у вольны час і на канікулах, таму шукаем новыя формы і падыходы. Галоўнае – стварыць умовы для развіцця дзіцячых талентаў. Наколькі нам гэта ўдаецца, пастараемся паказаць. Вам жадаю вынікова правесці час на дзятлаўскай зямлі і пераняць лепшы вопыт. Пастараемся не толькі паказаць, як арганізавана наша выхаваўчая прастора, але і пазнаёміць з цікавымі мясцінамі раёна.

З выхаваўчай работай, якая праводзіцца ў раёне, прысутных азнаёміла галоўны спецыяліст аддзела Алена Гарановіч. Зазначыла, што ў кожным рэгіёне надаецца ўвага павышэнню эфектыўнасці 6-га школьнага дня. Асаблівасцю работы на Дзятлаўшчыне стала стварэнне цэнтраў ініцыятыўных педагогаў і навучэнцаў пад назвай “Субота разам”. Сёлета да работы цэнтраў падключылі бацькоў. Наведванне шостага школьнага дня склала 89,8%. У раёне сфарміравалася цэласная сістэма работы на ўсіх узроўнях, наладжана супрацоўніцтва з установамі культуры, спорту, аховы здароўя, грамадскімі аб’яднаннямі, важнае месца займае дзейнасць Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.  Запатрабаваны традыцыйныя і інавацыйныя формы работы.

Дзе на Дзятлаўшчыне жывуць інавацыі, удзельнікі семінара даведаліся ў час прэзентацыі праектаў шостага школьнага дня, якія сталі пераможцамі конкурсаў у вобласці і рэспубліцы. Сярод іх “Хобі-цэнтр “Вектар” (аўтар Т. Ваніслаўчык), “Загадкі Дзятлаўскай зямлі (М. Шавель), ”WEB-квэст “У суботні вечар” (А. Радомская, С. Кетка), “А сонца свеціць усім аднолькава” (Т. Мармыш, К. Латушка).

 

Як змадэліраваць сістэму дзейнасці ў шосты школьны дзень ва ўмовах сельскага мікрараёна, якія новыя магчымасці тут адкрываюцца для ўстановы адукацыі, расказала дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская. Настаўніца гэтай школы Алена Баковіч прадставіла праект “Аквапоніка на прысядзібным участку”, які яны распрацавалі з навучэнцам Ягорам Сокалам. Праект стаў пераможцам шматлікіх конкурсаў, у тым ліку і міжнароднага ўзроўню.

На крэатыўнай платформе “Патэнцыял поспеху” ўдзельнікаў семінара чакала прэзентацыя дзейнасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава, міні-майстар класы “Майстэрня поспеху”. Таксама яны наведалі выставу-продаж прадукцыі бізнэс-кампаній навучэнцаў Круцілавіцкага, Хвінявіцкага садоў-школ і Казлоўшчынскай сярэдняй школы. Яшчэ адна крэатыўная пляцоўка “Маёй зямлі невядомыя таямніцы” расказала аб ролі школьных музеяў у сацыякультурнай прасторы рэгіёна. Вопытам работы дзяліліся Цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзіі, кіраўнікі музеяў і юныя экскурсаводы гімназіі №1, школы №1 горада Дзятлава, Таркачоўскага, Раготнаўскага, Лявонавіцкага, Круцілавіцкага садоў-школ, Дварэцкай сярэдняй школы. Цікавай была інтэрактыўная экскурсія з элементамі тэатралізацыі ў народны гісторыка-краязнаўчы музей “Дзеці ліхалецця”, якую правялі Тамара Крывеня і юныя экскурсаводы.

Ірына СТЫРНІК   

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *