Аляксандры Аляксандраўне Варонка, жыхарцы вёскі Бярозаўка, — 95 гадоў. Нягледзячы на такі паважаны ўзрост, яна па-ранейшаму застаецца актыўнай гаспадыняй. Трымае курэй, сама даглядае агарод. А ў момант нашага прыезду жанчына збірала шчаўе. “Збіраю шчавельчык, каб пасля ўнучка змагла прыгатаваць халаднік” — патлумачыла бабуля Аляксандра.
Усё жыццё яна была нястомнай працаўніцай. Рана застаўшыся без мужа, яна тым не менш працягвала трымаць вялікую гаспадарку, разводзіла пчолаў, працавала ў калгасе. Была і добрай рукадзельніцай.
Лёс выбраў для бабулі Аляксандры нялёгкую дарогу. Мама памерла, калі Аляксандры было дзевяць гадоў, а малодшаму брату не споўнілася і двух. Клопат пра дзяцей узялі на сябе іх бабулі, цётка, а таксама хросная маці Аляксандры — Вольга. У іх дзяўчынка і навучылася весці хатнюю гаспадарку, а таксама прасці, ткаць, вязаць. А вось агульную адукацыю дзяўчынка атрымала ў чатырохгадовай школе.
Дарэчы, гэта неяк здзівіла міліцыянера ў Маскве, куды Аляксандра Аляксандраўна павезла прадаваць яблыкі. Правяраючы дакументы , ён, гледзячы на жанчыну, спытаў: “Колькі класаў ты закончыла?”. Пачуўшы ў адказ, што чатыры, недаверліва перапытаў. А пасля сказаў : “Дзе твая вёска, а дзе Масква. Як ты змагла даехаць сюды, маючы за плячыма толькі чатыры класы адукацыі?.”
Яшчэ і сёння каля дома Аляксандры Аляксандраўны растуць яблыні — усяго толькі трэцяя частка некалі вялікага саду, у якім было пяцьдзясят дрэваў сорту ранет.
Сёння Аляксандраўна Аляксандраўна жыве разам з унукам. Часта прыязджае і жонка старэйшага унука — Ала, якую Аляксандра Аляксандраўна ласкава называе ўнучкай.
Яна, у сваю чаргу расказваючы пра бабулю Аляксандру адзначае, што без працы жанчына не ўяўляе ніводнага дня.
Прачынаецца рана, корміць курэй, завіхаецца на агародзе. А вось тэлевізар не глядзіць.
Магчыма, у працы і заключаны сакрэт даўгалецця бабулі Аляксандры. Як і ўвогуле, людзей старэйшага пакалення, якія, нягледзячы на сталыя гады, не прывыклі сядзець без справы.
А. ДУБРОЎСКАЯ
Фота П. АДАМЧУКА