Лета – час для адпачынку, забаў і аднаўлення сіл. Давайце паглядзім, як праходзіць дзень у летніку сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Там мяне сустракае Галіна Скрабец – начальнік аздараўленчага лагера.
– Дзейнасць школьнага летніка “Усмешка” накіравана на стварэнне аптымальных умоў для паўнавартаснага адпачынку дзяцей. У аснову праграмы нашага летніка ляглі ідэі ўмацавання здароўя дзяцей, фарміравання навыкаў здаровага ладу жыцця, фарміравання ў іх сацыяльных нормаў і каштоўнасцяў, развіцця творчых здольнасцяў, — тлумачыць Галіна Аляксандраўна. — Гульнявая мадэль гэтай змены летніка прадстаўлена як сюжэтна-ролевая. Змена называецца “Зорная краіна”. Усе ўдзельнікі праграмы – гэта дзеці, якія “запальваюць зоркі”, падарожнічаюць па невядомых нікому сузор’ях “Зорнайкраіны” і на працягу 18 дзён ствараюць сузор’е “ЗДЗЕЦЕЛ”, якое ў Год малой радзімы будзе падарункам нашаму гораду ў гонаряго 520-годдзя.
У змене 97 дзяцей (ад 6 да 14 гадоў), яны ў складзе 4-х атрадаў.
Дзень у летніку насычаны. Пачаўся з 9 гадзін з зарадкі і сняданку. У 10 гадзін наведвальнікаў чакала ранішняя лінейка і хвілінка здароўя “Першая дапамога”. Дзятва зацікаўлена вывучала, як аказваць першую дапамогу пацярпеламу.
Праз паўгадзіны пачалася пазнавальная гульня “Усё аб Беларусі” – шмат пытанняў і адказаў пра родныя мясціны.
А з 11 гадзін усе выйшлі на вуліцу і спыніць, разгарачаных ад спартыўных гульняў, дзяцей было немагчыма.
У 13 гадзін падмацавалі сілы на абедзе, а пасля спаборнічалі ў конкурсе на лепшага “Варашылаўскага стралка”, які сумесна з выхавацелямі правялі работнікі Дзятлаўскага ДТСААФ. У канцы дня падвялі вынікі і ўзнагародзілі самых актыўных граматамі і зорачкамі.
Пагутарыўшы з дзецьмі, я даведалася, што яны вельмі любяць ездзіць на экскурсіі. Так яны ўжо наведалі Навагрудак, возера Літоўка, Слонім, Жыровічы. Не засталіся без увагі і ўстановы горада Дзятлава: Беларусбанк, Белтэлекам, гарадская бібліятэка, кінатэатр “Спадарожнік”.
Дзіяна Лішык,
студэнтка Гродзенскага ўніверсітэта імя Я.Купалы
Читайте также:
Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Гарады (частка 1)
Раённы турысцкі злёт для працоўнай моладзі. Валейбол (Частка1)