Кругласутачны палатачны профільны ваенна-спартыўны летнік “Патрыёт” размясціўся на падворку Лявонавіцкага дзіцячага сада-базавай школы. Насупраць стадыёна пад высокімі яблынямі расправілі свае крылы палаткі. Над імі раз-пораз чуецца клёкат бусла, бо недалёка знаходзіцца буслянка, але людзі і птушкі ўжо прывыклі да суседства.

Дзевяць дзён (з 6 па 14 чэрвеня) у паходных умовах жывуць выхаванцы “Патрыёта” – 35 юнакоў ва ўзросце 16-17 гадоў з Хвінявіцкага і Вензавецкага дзіцячых садоў-сярэдніх школ, Гезгалаўскай сярэдняй школы, сярэдніх школ №1 і №3, гімназіі №1 горада Дзятлава. Для юных патрыётаў падрыхтавана насычаная і цікавая праграма. Выхавальнікі вучаць дзяцей асновам ваеннай падрыхтоўкі, паказваюць, як правільна абыходзіцца са зброяй і процівагазамі, і, вядома, стараюцца падтрымліваць строгую дысцыпліну. А рэалізаваць сваю маладую энергію выхаванцы могуць на спартыўных пляцоўках.

Атмасфера летніка нагадвае ваенныя зборы, а створаны ён менавіта для таго, каб маладыя людзі адчулі сябе курсантамі або салдатамі, бо наперадзе ў кожнага з іх – служба ў войску.

У час змены з выхаванцамі “Патрыёта” сустрэліся начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан.

Віктар Віктаравіч правёў з юнакамі прафілактычную гутарку, расказаў аб найбольш частых адміністрацыйных правапарушэннях, уласцівых для падлеткаў, сярод іх: распіццё спіртных напояў або знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення ў грамадскіх месцах, хуліганствы. Нагадаў аб мерах адказнасці за падобныя паводзіны. Патлумачыў, як правільна рэагаваць на заўвагі і законныя патрабаванні работнікаў міліцыі.

Таксама Віктар Петрукевіч заклікаў маладых людзей паступаць ва ўстановы адукацыі Міністэрства ўнутраных спраў, расказаў пра перавагі міліцэйскай прафесіі.

Самым цікавым момантам сустрэчы для юнакоў стала знаёмства з экіпіроўкай міліцыянераў. Начальнік іспекцыі па справах непаўналетніх прадэманстраваў падлеткам спецсродкі, якія мае на ўзбраенні беларуская міліцыя: каску, шчыт, гумавую дубінку, бронежылет. Навучэнцы мелі магчымасць разгледзець і патрымаць у руках сапраўдны, а не вучэбны, аўтамат Калашнікава, прымерыць амуніцыю.

Ірына СТЫРНІК

Стоит почитать:

Дзяцінства павінна быць шчаслівым

“Летняя акварэлька”. Вынікі дня

Летнік для будучых чэмпіёнаў

1 Комментарий

  • Девять дней и ночей в палатках — это закаливает.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации