У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава пасля рэканструкцыі адкрыўся адноўлены музей «Гісторыя Дзятлаўшчыны». Сімвалічна, што адкрыццё адбылося ў год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Удзел ва ўрачыстай падзеі прынялі не толькі навучэнцы ўстановы і іх педагогі, але і ганаровыя госці. Гэта намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыкакама І. С. Кухарэвіч, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА «Беларускі савет ветэранаў» В. М. Літвіна, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыкакама Т. П. Ваніслаўчык, прадстаўнікі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, работнікі цэнтра турызму і краязнаўства горада Дзятлава.
Намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч зазначыў:
— Мінула ўжо 70 гадоў, як скончылася жахлівая і крывавая Вялікая Айчынная вайна. Салдаты Перамогі і ўсе, каму ўдалося выжыць, даверылі нам, нашчадкам, самае галоўнае — памяць. Сёння наша задача — прыкласці ўсе сілы, каб на Зямлі ніколі не паўтарылася тая жахлівая трагедыя. Народная мудрасць гаворыць: «У нацыі, якая не ведае свайго мінулага, няма будучыні». Нельга з гэтым не пагадзіцца. Вы, школьнікі, займаліся пошукавай работай, працавалі над аднаўленнем музея «Гісторыя Дзятлаўшчыны». Значыць, у будучым, куды б вы ні паступілі, куды б ні паехалі жыць, у вашых сэрцах застанецца памяць аб малой радзіме — зямлі дзятлаўскай.
Дырэктар сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Н. С. Белавус падзякавала за дапамогу ў аднаўленні школьнага музея кіраўніцтву Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, аддзелу адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама, супрацоўнікам Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, індывідуальным прадпрымальнікам Аляксандру Віктаравічу і Наталлі Васільеўне Лявошкам, настаўнікам школы, вучням і іх бацькам. На рэканструкцыю школьнага музея былі патрачаны звыш ста мільёнаў рублёў. Шокльныя экспедыцыйныя атрады сабралі каля 120 экспанатаў. Адкрыццё школьнага музея сёння — гэта знак удзячнасці і пашаны тым, хто заваяваў для нас мірнае неба над галавой, змагаўся за светлую будучыню Беларусі — нашым ветэранам-вызваліцелям. Наталля Сяргееўна ўпэўнена, што вучні Дзятлаўшчыні і госці не раз з задавальненнем наведаюць адноўлены школьны музей, пазнаёмяцца з гісторыяй дзятлаўскай зямлі праз яго экспанаты і стэнды.
Дарэчы, музей «Гісторыя Дзятлаўшчыны» быў створаны ў сярэдняй №1 горада Дзятлава яшчэ ў 1994 годзе. Ішлі гады, мяняліся патрабаванні да школьных музеяў, у школьнікаў і настаўнікаў з’явілася жаданне даведацца больш аб гісторыі і традыцыях горада Дзятлава і раёна. Усе гэтыя акалічнасці сталі штуршком да рэканструкцыі. На працягу амаль двух гадоў саветам музея, клубам «Нашчадкі», экспедыцыйнымі атрадамі школы пад кіраўніцтвам настаўнікаў-прадметнікаў, кіраўнікоў музея, класных кіраўнікоў вялася работа па аднаўленні і стварэнні новых экспазіцый. Сёння ў школьнікаў і гасцей адноўленага музея ёсць магчымасць упэўніцца, што гісторыю роднага краю можна вывучаць не толькі па падручніках, але і па сабраных экспанатах, што не менш цікава.
Традыцыйную чырвоную стужку ля ўваходу ў музей «Гісторыя Дзятлаўшчыны» перарэзалі намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыкакама І. С. Кухарэвіч, дырэктар сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Н. С. Белавус. Першую экскурсію для прысутных правяла кіраўнік музея І. У. Дарафейчык і яе памочнікі-навучэнцы. Яны расказалі, што тут адлюстраваны розныя этапы развіцця Дзятлаўшчыны, сабраны багаты краязнаўчы матэрыял, адноўлены экспазіцыі «Дзятлаўшчына старажытная», «Уладальнікі Дзятлава», «Помнікі архітэктуры Дзятлаўшчыны», «Дзятлаўшчына ў складзе Польшчы», «Дзятлаўшчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Яны абаранялі Радзіму», «Шчодрая талентамі зямля Дзятлаўская», з’явіліся ў музеі і новыя экспазіцыі «Хата з матчынаю душою», «Гэтых дзён не змоўкне слава», «Дзятлаўшчына сучасная», а таксама дыярамы — «Партызанскі лагер», «Вызваленне Дзятлава».
Напрыканцы экскурсіі ўсе жадаючыя мелі магчымасць пакінуць запіс у новай кнізе водгукаў школьнага музея СШ №1 горада Дзятлава. Госці падзяліліся сваімі ўражаннямі, выказалі пажаданні ўстанове, педагогам і вучням.
І. КАЎКЕЛЬ