Такія словы не раз чула ад Уладзіміра Загаціна, жыхара горада Батайска Растоўскай вобласці. Што ж так цягнула гэтага чалавека сюды, на Дзятлаўшчыну, ён жа ніколі тут не быў, нарадзіўся і вырас на поўдні Расіі, дзе жыве і зараз.

Каб адказаць на гэта пытанне, трэба  пачаць здалёк, яшчэ з 90-х гадоў. Тады стваралася кніга “Памяць”  Дзятлаўскага раёна, і мяне, маладога карэспандэнта раённай газеты, райком партыі паслаў у камандзіроўку спачатку ў Кіеў, затым у Маскву. Там жылі дзеці знакамітага авіятара, аднаго з першых лётчыкаў СССР, генерала-лейтэнанта авіяцыі, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, вызваляў Растоў-на-Доне, быў першым камендантам пасляваеннага Кіева, нашага земляка з вёскі Дварэц Сцяпана Караля. Вынікам паездкі павінна была стаць інфармацыя пра Сцяпана Георгіевіча для кнігі “Памяць”.

Сустрэча сталася не толькі цікавай, але знамянальнай, падаравала мне сяброў на ўсё жыццё. Па выніках паездкі была напісана неабходная інфармацыя для кнігі і вялікі нарыс для газеты “Перамога”, які друкаваўся аж у пяці нумарах. Сям’я перадала для Дзятлаўскага краязнаўчага музея шмат матэрыялаў, цікавых фотаздымкаў.

Прайшоў час, я працавала ўжо ў гімназіі №1. Аднойчы адміністрацыі гімназіі прыйшло запрашэнне з Масквы паўдзельнічаць у конкурсе да гадавіны Перамогі, яго аб’яўляў часопіс “Сенатар”. Часопіс абяцаў лепшыя работы надрукаваць. Вырашылі – паспрабуем. Успомніла пра свой нарыс, адрэдагавала і паслала.

Нарыс быў надрукаваны, мне прыслалі падзяку. А праз некаторы час прыйшоў ліст ад жанчыны са Слонімскаа раёна. Яна пісала, што, магчыма, Сцяпан Георгіевіч з’яўляецца яе дзядзькам. Адказала ёй, дала каардэнаты Рэнаты Сцяпанаўны і Радаміра Сцяпанавіча, праз некаторы час даведалася, што яна знайшла іх, пазнаёмілася. Яны сапраўды аказаліся раднёй.

А гадоў сем таму мне патэлефанаваў на мабільны Уладзімір Загацін з Батайска. Ён прачытаў артыкул пра генерала Караля ўжо ў Інтэрнэце і шукаў мяне ў сацыяльных сетках. Так мы пазнаёміліся. Аказалася, што ў Батайску разам з Уладзімірам жыве яго мама (зараз яе ўжо няма), родная пляменніца Сцяпана Георгіевіча, дачка брата. Мы пагаварылі, і я паслала на электронку нарыс і фотаздымкі, якія ў мяне былі, а таксама адрасы дзяцей Сяргея Караля. Так мы сталі перапісвацца.

Уладзімір мае трох братоў, якія жывуць у розных частках Расіі, ён малодшы з іх, працуе прадуктовым агентам на поўдні, робіць закупы прадукціі у фермерскіх гаспадарках і рыхтуе іх на экспарт. Жанаты два разы. Ад першага шлюбу мае сына і дачку, ад другога – сына, Данілу, якому толькі дванаццаць гадоў. Сям’я збіралася прыехаць у Беларусь даўно, але, як гэта заўсёды бывае, нешта ўсё перашкаджала. І вось 28 красавіка вечарам заходжу на фейсбук і чытаю: “Заўтра выязджаем да вас. Будзем спачатку ў Мінску, потым у Гродна, а пасля на Дзятлаўшчыну”. Параіла ім адразу купіць беларускую сімку, каб быць на сувязі, пажадала шчаслівай дарогі і пачала  рыхтавацца да прыёму замежных гасцей. Калі мы сустрэліся, у маіх віртуальных знаёмых было столькі ўражанняў і станоўчых эмоцый ад Беларусі, што заставалася толькі слухаць.

Завіталі госці да мяне ў суботу, у той жа дзень мы паехалі ў Дварэц. Знайсці хату ці магілы, дзе пахаваны бацькі Сцяпана Георгіевіча, нам не ўдалося. Так магло стацца, што на магілах не стаялі помнікі з надпісамі, ды мы і не ведалі, католікі яны былі ці праваслаўныя, на якіх могілках шукаць месца іх апошняга прытулку. Але не гэта галоўнае. А, відаць, тое, што сказаў Уладзімір свайму сыну Данілу: “Вось сынок, мы пабылі на зямлі, дзе жылі твае продкі. Помні пра гэта. Тут твае карані, у табе цячэ беларуская кроў”.

Сам Уладзімір знешне вельмі падобны да беларуса: шляхетны вытанчаны твар, наша, беларуская, худзізна, далікантасць паставы, светлыя валасы.  Жонка ўжо зусім іншае: цёмнавалосая, вёртная, сапраўдная жанчына з поўня.

З’ездзілі ў Мірскі замак, трапілі на рыцарскія прадстаўленні, ад якіх застануцца ў гасцей непаўторныя ўражанні і цікавыя фотаздымкі. Пераначавалі, а ў панядзелак прыйшлі ў Дзятлаўскі музей, каб паглядзець экспазіцыю, прысвечаную Сцяпану Георгіевічу Каралю. Потым госці паехалі ў Белавежскую пушчу і ў Брэст.

Думаецца, доўга яшчэ будуць яны пераварваць усё тое, што ўбачылі і пачулі, дзяліцца ўражаннямі з роднымі і знаёмымі. А што ўразіла ў гэтых людзях мяне? Напэўна, у першую чаргу тое, як яны адносяцца да свайго мінулага, гатовы пераадолець вялікую адлегласць дзеля таго, каб дакрануцца да вытокаў, да зямлі продкаў. А яшчэ словы Уладзіміра, якія ён сказаў адной дзятлаўчанцы:” У вас такая цудоўная краіна, цаніце гэта і беражыце сваю зямлю”.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

Стоит почитать:

З гісторыі Жукоўшчынскага парку

Часовенка рядом с Поклонными камнями в деревне Горка

Трагедыя, якая не павінна паўтарыцца

 

 

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации