Прыемныя абставіны сабралі нас на палетках КСУП “Дварэц-Агра”, дзе ўжо доўгі час працуе спакойны, разважлівы механізатар і разам з тым руплівы працаўнік, якому даверана адказная праца сейбіта, – Анатоль Апанасік. Яго асабістыя дасягненні з году ў год радуюць кіраўніцтва гаспадаркі і калег. Вось і сёлета за высокія паказчыкі ў час вясенняй пасяўной кампаніі Анатоль Уладзіміравіч адзначаны Падзячным лістом і падарункамі, якія ў гэты дзень прыехаў уручыць механізатару старшыня Дзятлаўскага раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.
– Моцна мяне цягнула да тэхнікі яшчэ з юнацкіх гадоў, – успамінае Анатоль Уладзіміравіч. – У старэйшых класах на занятках ВВК вучыўся на трактарыста-машыніста, атрымаў вадзіцельскае пасведчанне. Пазней працягнуў вучобу ў Гродзенскім ДТСААФе, атрымаў пасведчанне іншай катэгорыі. Пасля службы ў арміі вярнуўся ў родны калгас.
Менавіта тут Анатоль Апанасік працягнуў спасцігаць усе тонкасці прафесіі механізатара, якая стала сэнсам яго жыцця, а духоўнай асновай стала сям’я. Ён бацька сына і дачкі і клапатлівы дзядуля маленькай ўнучкі.
– Увесь вольны час я стараюся праводзіць з сям’ёй, адпачываць, летам хаджу ў грыбы, люблю парыбачыць, – дзеліцца Анатоль Уладзіміравіч. – А калі вернуцца страчаныя сілы – цягне ў поле, да “жалезнага сябра”.
Вось і сёлета Анатоль Апанасік у перадавіках. За ўвесь час веснавой кампаніі ён пасеяў 516 га яравых культур, у тым ліку зерневыя, лён, аднагадовыя і шматгадовыя травы.
Не абыходзіцца без механізатара і праца па нарыхтоўцы кармоў летам, не ведаюць спакою рукі Анатоля Апанасіка і ў зімовы час. Пасля заканчэння ўсіх палявых работ клапатліва падрыхтоўвае механізатар тэхніку да наступнага сезона: рамантуе, змазвае запчасткі, начышчае агрэгаты.
– Тэхніку я люблю і з павагай адношуся да яе, – расказвае Анатоль Уладзіміравіч. – Стараюся хутка і якасна адрамантаваць, бо праца не любіць доўгага адпачынку.
Вось і калегі пацверджваюць, што ў кароткія хвіліны перапынку не ведае Анатоль спакою, увесь час круціцца каля трактара: правярае вузлы, рэгулюе агрэгаты.
Напрыканцы сустрэчы назіраем, як “жалезны сябра” механізатара “павольнай хадою” працягвае сваю штодзённую справу: малюе шматраддзе на ўзаранай зямлі, і ў глебу апускаецца адборнае насенне пад нястомным наглядам Анатоля Апанасіка.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Стоит почитать:
Жаночыя сакрэты паспяховай аграноміі