КАЛІ ПРЫХОДЗЯЦЬ УСПАМІНЫ
Мой гарадскі пасёлак Наваельня размясціўся на беразе возера пад стромкімі соснамі. Улетку тут асабліва прыгожа і пахне хвояй, а неба такое высокае і блакітнае, што балюча вачам. Здаецца, так спакойна і мірна ў Наваельні было заўжды, але гэта не так. Вуліцы нашага пасёлка памятаюць фашысцкую акупацыю. Лёсы людзей многіх нацыянальнасцяў у час Вялікай Айчыннай вайны былі цесна звязаны з гэтым населеным пунктам, пра што сведчаць экспазіцыі народнага музея Наваельнянскай сярэдняй школы “Дзеці ліхалецця”.
Але сёння хачу расказаць не пра дзяцей палітэмігрантаў, а пра лёс маёй зямлячкі, жыхаркі нашага гарпасёлка Надзеі Якаўлеўны Шуляк, дзяцінства якой апаліла вайна. Надзея Якаўлеўна добразычлівая, шчырая, ветлівая, спагадлівая. Яна змагла наперакор ударам лёсу захаваць усю веліч і прыгажосць чалавечай душы. А выпрабаванняў на яе долю выпала шмат. Мне толькі 14 гадоў, але і я разумею: не дай Бог зведаць такія пакуты. Бабуля Надзя – жывая сведка глумення і здзекаў фашысцкіх захопнікаў над людзьмі, якія трапілі пад акупацыю. Калі яна ўзгадвае пра Вялікую Айчынную вайну, у яе голасе і цяпер гучаць ноткі хвалявання:
— Калі пачалася вайна, мне было 9 гадоў: я паспела закончыць першы клас, а восенню павінна была пайсці ў другі. Памятаю дзень 22 чэрвеня. Гэта была нядзеля. Я пасвіла кароў, старалася іх добра накарміць, каб далі больш малака. Вярнулася дахаты радасная: думала, матуля пахваліць за тое, што каровы сытыя, а яна чамусьці была вельмі сумная. На маё пытанне аб настроі адказала, што пачалася вайна. Тады я не разумела, што гэта такое і чаму маці плача.

ЦЯГНІКІ ІДУЦЬ НА ЗАХАД
Надзея Якаўлеўна Шуляк, бабуля Надзя, расказала трагічную гісторыю сваёй сям’і, якая была вывезена ў гітлераўскую Германію ў якасці бясплатнай працоўнай сілы.
— Мой бацька, Якаў Канстанцінавіч Голуб, да вайны быў старшынёй сельсавета, і родныя баяліся, што яго забяруць немцы. Але прайшоў год, фашысты часта наведваліся ў нашу вёску, забіралі курэй, кароў, людзей пакуль не чапалі.
Быў канец лета сорак другога года — другога лета вайны. Бяда не прымусіла доўга сябе чакаць: нам прыйшла павестка, што ўсім членам сям’і трэба з’явіцца на зборны пункт у Наваельню. Памятаю, як мы селі, абняліся і доўга плакалі. Гэта быў час, калі людзей пачалі вывозіць у Германію, і ніхто не ведаў пра іх далейшы лёс. Бацька як мог нас супакойваў, казаў, што мы хутка вернемся дахаты. За ноч напяклі хлеба, сабралі пажыткі. У сям’і гадаваліся шасцёра дзяцей. Малодшаму брату Пецю ад нараджэння было толькі два тыдні, яго нават не паспелі запісаць у сельсавеце. Таму каб у сям’і не аказалася лішняе дзіця, вырашылі не браць з сабою старэйшага Сцяпана. Яму тады было 15 гадоў. У вёсцы хадзіла пагалоска, што хворых на каросту немцы вяртаюць назад. Бацькі нарвалі крапівы і пачалі ёю секчы дзецям рукі і ногі — вельмі балела, і мы плакалі.
У Наваельні было шматлюдна: на зборны пункт у школу з усіх вёсак з’язджаліся жыхары. Працавала медыцынская служба: усе павінны былі прайсці агляд. Ніхто не звярнуў увагі, што нашы рукі і ногі ў пухірах. Са школы нас адразу ж адправілі на чыгуначную станцыю, дзе пагрузілі ў таварныя вагоны “цялятнікі” чалавек па сто. Маленькія вокны былі зацягнуты калючым дротам, дзверы вагона — на засаўцы, толькі ў падлозе — дзіркі. У вагоне мы пераначавалі, а раніцай на станцыю прыйшоў брат Сцёпа: не хацеў заставацца адзін, але залезці да нас у вагон не змог. На наступны дзень нас павезлі на Захад. Цягнік рухаўся павольна. Тата патлумачыў, што чыгунка замініравана, таму і цягнікі ходзяць няхутка. Першы прыпынак зрабілі ў Беластоку. Там нас памылі і павезлі ў лагер лячыць каросту.
Два тыдні (столькі доўжыўся каранцін) мы жылі ў бараках, спалі на нарах. Лагер знаходзіўся за сем кіламетраў ад горада. Калі горад бамбілі, асколкі бомбаў стукалі па даху барака. Матуля абклала нас рэчамі: баялася, каб не забіла.
З лагера ўсіх адправілі ў Германію. Цягнік цяпер рухаўся так хутка, што мы баяліся і сядзелі, шчыльна прытуліўшыся да бацькоў. Далей нас гналі пешшу, везлі на машыне праз раку Одэр. Памятаю, маці паглядзела на ваду і сказала бацьку, што там не вада, а адна кроў.
Пешшу ішлі доўга, вельмі хацелася есці. Дарогі ў Германіі абсаджаны садовымі дрэвамі, але падняць яблык ці грушу нам не дазвалялі канваіры. Ішлі калонамі, а вартавалі нас немцы з сабакамі. Неяк наша маленькая Анюта выбегла з калоны і схапіла каля дарогі грушу. Яе злавіў немец. Мама моцна крычала, што згубіла дачку. Але Анюта хутка вярнулася і прынесла схаваныя ў хусцінцы грушы. Мы яе прасілі, каб дала і нам пакаштаваць. Было дзіўна, што немец адпусціў сястру і грушы не забраў.

ЦУДОЎНАЕ ВЫРАТАВАННЕ ЗА ХВІЛІНУ ДА СМЕРЦІ
Аповед Надзі Якаўлеўны Шуляк прадаўжаецца:
— Хутка нас падагналі да гары, на якой стаяў белы будынак. З яго вялікага коміна ішоў чорны дым. Людзі заходзілі туды, а назад ніхто не вяртаўся. Падышла і наша чарга зайсці. Бацьку і брата Федзю ад нас аддзялілі, накіравалі да ваеннапалонных. Нас агледзелі і прымусілі намачыць рукі і ногі ў мутнай вадкасці. Усю групу людзей закрылі ў цёмным пакоі. Пакой быў без вокнаў і асвятлення. Сястра гучна плакала: “Запаліце лямпу, мне вельмі цёмна і страшна”. Падлога аказалася гарачай: моцна пякло ў ногі, стаяць было балюча. Увесь невялікі пакой быў забіты жанчынамі і дзецьмі. Раптам падлога хіснулася, а ў куце мільгануў агонь (тады я яшчэ не ведала, што гэта была печ крэматорыя, у якой нас хацелі спаліць). Гэтак жа нечакана дзверы адчыніліся, і немец з папераю ў руках пракрычаў: “Хальт!”. Нас вывелі з гэтага страшнага цёмнага пакоя, дзе падлога круцілася, а людзі падалі прама ў агонь. Тады мы зразумелі, чаму нас прымусілі намачыць рукі і ногі ў мыльны раствор: каб лягчэй саслізнулі з падлогі.
Ад страшнай смерці ў крэматорыі мяне і родных збярог Бог.
Потым нас пагрузілі ў машыны, зноў павезлі на чыгуначную станцыю. Цягніком ехалі да горада Франкфурт-на-Майне, што знаходзіцца за пяцьдзясят кіламетраў ад французкай мяжы. Тут паўсюль стаялі цягнікі з параненымі нямецкімі салдатамі, і немцы адбіралі дяцей у маці, бралі ў іх кроў для параненых. На гэтай станцыі мы доўга стаялі, сюды прыязджалі немцы-баўэры і адбіралі сабе рабочую сілу. Нашу сям’ю раздзялілі, і я апынулася адна сярод чужых людзей.
Даводзілася выконваць розную работу па гаспадарцы — карміць свіней, курэй, даіць кароў. Дзеці працавалі нараўне з дарослымі. Жылі ў вялікіх гумнах, а кармілі нас лупінамі ад бульбы з жоўтымі чарвякамі ды буракамі. Вельмі хацелася есці. Нас пастаянна білі, асабліва злая была гаспадыня. Работнікам-падлеткам хацелася пагуляць з дзецьмі на вуліцы, але і за гэта нас білі.
Ішлі дні за днямі, месяцы за месяцамі. Неяк гаспадары знялі партрэт Гітлера са сцяны, а самі схаваліся ў склепе. Хутка мы даведаліся пра перамогу нашых салдат, а праз месяц дачакаліся жаданага вяртання дахаты.
Расказвала нам Надзея Якаўлеўна Шуляк і іншыя выпадкі з жыцця, але гэтая гісторыя найбольш кранула душу і назаўсёды застанецца ў памяці, як і сумныя вочы бабулі Надзі. Кажуць, кожнага з нас ад нараджэння апякуе анёл-ахоўнік. Думаю, у анёлаў-ахоўнікаў людзей, якія прайшлі праз пекла вайны, апаленыя крылы. Можа таму і вочы ў іх такія сумныя.

С. БАКОВІЧ,
навучэнец Наваельнянскай сярэдняй школы

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации