Восенню 2017 года Асацыяцыя “Беларуская федэрацыя футбола” правяла Адзіны тыдзень масавага футбола УЕФА, у рамках чаго было абвешчана аб тым, што вядомы футбаліст Аляксандр Глеб стаў паслом АБФФ па развіцці масавага футбола ў Беларусі.
Першым крокам такога супрацоўніцтва стаў конкурс праектаў па развіцці масавага футбола, дзе ўдзельнічалі спартсмены з розных куткоў краіны.
На працягу некалькіх месяцаў энтузіясты дасылалі ў офіс Асацыяцыі заяўкі з дэталёвым апісаннем задумак.
Строгі адбор павінны былі прайсці 5 праектаў. Аднак неабыякавых да развіцця масавага футбола людзей у нашай краіне аказалася нямала, таму ў выніку было адзначана 10 праектаў з розных куткоў Беларусі. Акрамя таго, у снежні 2018 года з дзясятка лепшых будзе абраны праект-пераможца.
Сярод лідараў аказаўся праект ад Дзятлаўшчыны пад назвай “Футбол у вёсцы”.
У праект уваходзіць арганізацыя футбольнага турніру сярод сельскіх каманд Дзятлаўскага раёна. Кіраўніком стаў трэнер-выкладчык па футболе Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімір Ганчар.
Усе праекты-лідары былі адзначаны на сустрэчы ў Доме футбола 26 студзеня. Аўтары ініцыятыў атрымалі падарункі ад Беларускай федэрацыі футбола.
Дарэчы, такі конкурс стане штогадовым. Нягледзячы на тое, што год толькі пачаўся, можна ўжо прыдумваць канцэпцыю новых праектаў і рыхтавацца да ўдзелу і ў наступны раз.
Тэкст і фота Юліі БАКУНОВІЧ