Людзі, якія вялі актыўны лад жыцця ў маладыя гады не могуць жыць спакойна і на пенсіі. Іх цікавіць усё, што адбываецца навокал, яны такія ж актыўныя, як і раней, і ў іх шмат сяброў.
Нядаўна сваё 80-годдзе адзначыла ветэран працы Яніна Ігнацік, якая жыве ў вёсцы Літаварцы Дзятлаўскага раёна. Павіншаваць юбілярку з днём нараджэння прыехалі старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак, прадстаўнікі клуба ветэранаў працы “У коле сяброў” пры Дварэцкім доме культуры, а таксама намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце КСУП “Дварэц-Агра” Аляксандар Сачык.
Яніна Уладзіміраўна сустрэла гасцей у бадзёрым настроі і з усмешкай. Жанчына была вельмі расчулена аказанай увагай і цёплымі словамі ў свой адрас.
Усё жыццё яе прайшло ў руплівай працы. Працавала ў калгасе імя Заслонава, спачатку паляводам, затым — брыгадзірам і загадчыкам вытворчага ўчастка.
– На работу ішла, як на свята, – успамінае Яніна Уладзіміраўна. – У нас быў дружны, зладжаны калектыў, большасць жанчын. Вельмі чулыя, адказныя механізатары працавалі на маім участку: Іван Гранкоўскі, Вацлаў Нашуцінскі, Віктар і Эдуард Муха, Уладзімір Ігнацік, Яўген Сямашка, Уладзімір Жукоўскі, Антон Ляўшук, Міхаіл і Уладзімір Губко, Уладзімір Мазура.
Добрымі словамі жанчына ўспомніла і ўсіх старшыняў калгаса.
– Працаваць у сельскай гаспадарцы заўсёды было цяжка, – гаворыць юбілярка. – Падымаліся рана, вярталіся дамоў позна, на работу прыходзілася выходзіць і ў святы. Героем сябе не лічу, удзячна тым людзям, якія заўсёды прыслухоўваліся і былі побач.
За добрасумленную, бездакорную, шматгадовую працу Яніна Ігнацік мае шмат заслужаных узнагарод рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў. У іх ліку медаль ВДНХ “За высокія дасягненні ў развіцці народнай гаспадаркі БССР”, ордэн “Знак Пашаны” і пасведчанне аб занясенні ў Кнігу пашаны Дварэцкага сельскага савета.
Нягледзячы на няпростае жыццё, жанчына не страціла аптымізм і кожны новы дзень сустракае з пазітывам.
Вялікай радасцю для юбіляркі з’яўляюцца яе дзеці, унукі і праўнукі. Яны заўсёды чаканыя і жаданыя госці.
Вольга ЮШКЕВІЧ
Фота аўтара
Как хорошо, когда о людях помнят. Иногда этих минут внимания достаточно, чтоб весь организм зарядился бодростью и радостью на несколько лет.
Рейтинг комментария:00