У Беларусі зацверджана палажэнне аб новай форме сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей — замяшчальнай сям’і. Палажэнне аб сацыяльным абслугоўванні ў замяшчальнай сям’і зацверджана пастановай Савета Міністраў нумар 864 ад 20 лістапада 2017 года, паведамляе Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.
Палажэннем рэгулююцца парадак і ўмовы аказання паўналетнім непрацаздольным грамадзянам сацыяльных паслуг у замяшчальнай сям’і. Згодна з дакументам, замяшчальная сям’я — форма жыццеўладкавання паўналетняга непрацаздольнага грамадзяніна ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі з іншай фізічнай асобай. Паўналетні непрацаздольны грамадзянін — непрацуючы інвалід І або ІІ групы, непрацуючы грамадзянін, які дасягнуў 70-гадовага ўзросту, пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларусі, не мае непаўналетніх дзяцей, а таксама паўналетніх дзяцей, мужа, жонкі і бацькоў, якія не з’яўляюцца інвалідамі І або ІІ групы, не дасягнулі ўзросту, што дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах; за якім не ажыццяўляецца догляд асобай, якая атрымлівае дапамогу па доглядзе інвалідаў І групы альбо асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту; які не заключыў дагавор рэнты альбо дагавор пажыццёвага ўтрымання. Памочнік — фізічная асоба, якая аказвае сацыяльныя паслугі ў форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям’і, дзеяздольны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларусі, не з’яўляецца інвалідам І або ІІ групы і асобай, абавязанай па законе ўтрымліваць паўналетняга непрацаздольнага грамадзяніна.
Рашэнне аб заключэнні дагавора аказання сацыяльных паслуг прымаюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы базавага ўзроўню з улікам прапаноў камісіі, створанай імі для разгляду пытанняў сацыяльнага абслугоўвання на падставе дагавора аказання сацыяльных паслуг. У склад камісіі ўключаюцца прадстаўнікі структурных падраздзяленняў мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, а таксама прадстаўнікі іншых зацікаўленых арганізацый (з іх згоды).
Тэрытарыяльны цэнтр праводзіць работу па стварэнні замяшчальнай сям’і: арганізуе сустрэчы ў мэтах знаёмства памочніка і паўналетняга непрацаздольнага грамадзяніна, праводзіць сацыяльна-псіхалагічную дыягностыку ў мэтах вызначэння іх псіхалагічнай сумяшчальнасці, арганізуе навучанне і падрыхтоўку памочніка. Пры згодзе памочніка і паўналетняга непрацаздольнага грамадзяніна заключыць дагавор аказання сацыяльных паслуг тэрытарыяльны цэнтр не пазней за 40 дзён з дня прадастаўлення дакументаў накіроўвае гэтыя дакументы ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган для разгляду камісіяй і прыняцця рашэння мясцовым выканаўчым і распарадчым органам. Тэрмін прыняцця рашэння не павінен перасягаць 60 дзён з дня паступлення дакументаў. Аб рашэнні паўналетні непрацаздольны грамадзянін і памочнік інфармуюцца тэрытарыяльным цэнтрам пісьмова не пазней за тры рабочыя дні пасля яго прыняцця.
Дагавор аказання сацыяльных паслуг, акрамя ўмоў, вызначаных заканадаўствам, павінен змяшчаць істотныя ўмовы: аб месцы сумеснага пражывання, пры вызначэнні якога паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну (у тым ліку сямейнай пары) павінна быць забяспечана пражыванне ў асобным жылым пакоі; аб парадку фарміравання бюджэту замяшчальнай сям’і і яго расходаванні (пры гэтым сума грашовых сродкаў, што перадаюцца паўналетнім непрацаздольным грамадзянінам у бюджэт замяшчальнай сям’і, не можа перасягаць 75 працэнтаў назначанай яму пенсіі з улікам надбавак, даплат і павышэнняў); аб тэрміне аказання сацыяльных паслуг, які не павінен быць менш як 6 месяцаў; аб памеры штомесячнага грашовага ўзнагароджання памочніку ў выпадку яго ўстанаўлення мясцовым выканаўчым і распарадчым органам (напрыклад, у выпадку аказання сацыяльных паслуг інваліду І групы з рэзка выяўленым парушэннем здольнасці да самаабслугоўвання).
Пры аказанні сацыяльных паслуг аднаму паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну ўстанаўліваецца штомесячнае грашовае ўзнагароджанне памочніку ў памеры 100 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, за два апошнія кварталы, а пры адначасовым аказанні сацыяльных паслуг двум паўналетнім непрацаздольным грамадзянам — у памеры 150 працэнтаў.
Пасля заключэння дагавора маніторынг аказання сацыяльных паслуг у форме сацыяльнага абслугоўвання ў замяшчальнай сям’і ажыццяўляецца тэрытарыяльным цэнтрам у першыя тры месяцы — не радзей як адзін раз у два тыдні, у наступныя тры месяцы — не радзей як адзін раз у месяц, пасля першых шасці месяцаў — не радзей як адзін раз у квартал.