Папярэджанні і накіраванне дакументаў у суд

Падзеі

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледжаны 5 пытанняў. Чатыры — адміністрацыйныя пратаколы, па адным з якіх спынена вытворчасць з-за адсутнасці саставу адміністрацыйнага правапарушэння, па трох — вынесены папярэджанні. Таксама разгледжана пытане аб магчымасці вяртання маці сына, які раней быў прызнаны маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Рана адчула сябе дарослай

На маці і бацьку пятнаццацігадовай дзяўчыны былі складзены адміністрацыйныя пратаколы з-за невыканання імі абавязкаў па суправаджэнні дачкі ў позні час. На адной з вуліц аграгарадка Хвінявічы а другой гадзіне ночы непаўналетнюю затрымала міліцыя. Дзяўчына — навучэнка прафесійна-тэхнічнага каледжа, магчыма, таму і адчула сябе ўжо дарослай. Праўда, у каледжы навучэнцам не дазваляюць позна гуляць. Па словах бацькоў, раней дачка заўсёды вярталася дахаты да 23 гадзін, а гэты раз стаў выключэннем.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама дарослыя расказалі, што ў той вечар батарэя ў тэлефоне дачкі «села». Яны не змаглі ёй патэлефанаваць, калі недачакаліся дахаты. Даведаўшыся, што дачка знаходзіцца ў суседняй вёсцы, вырашылі забраць яе на машыне. Непаўналетняя ж схавалася ад родных, затым вярталася дахаты сама і была затрымана міліцыяй.

Паколькі гэта першае парушэнне, учыненае дзяўчынай, яе маці папярэдзілі. Адміністрацыйная справа на бацьку спынена: мужчына да гэтага часу юрыдычна не ўстанавіў бацькоўства на непаўналетнюю.

Няўдалыя шукальнікі скарбаў

На адрас камісіі паступілы матэрыялы аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на двух непаўналетніх жыхароў райцэнтра. Хлопцы залезлі ў гаспадарчы будынак, які належыць аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і скралі маёмасць. Ад суда іх уратавала тое, што нанесены ўрон аказаўся нязначным. Каб скрадзеныя рэчы каштавалі даражэй, хлопцы мелі б судзімасць.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама юныя парушальнікі расказалі, што залезці ў будынак іх падахвоціў дарослы знаёмы (былы выпускнік школы-інтэрната). Ён абяцаў, што там яны знойдуць шмат цікавага. Вядома, скарбаў у гаспадарчым памяшканні не аказалася, затое падлеткі вынеслі адтуль старыя палаткі і іншыя рэчы. Калі дома маці спытала ў аднаго з хлопцаў, адкуль гэта, ён адказаў, што рэчы дазволіў узяць трэнер.

За незаконны ўчынак непаўналетніх папярэдзілі, бо яны не маюць уласных даходаў. Але цяпер хлопцы будуць пад асаблівым кантролем школы. Педагогі ім паабяцалі абавязковы ўдзел ва ўсіх працоўных дэсантах і акцыях, а бацькі падтрымалі прапанову настаўнікаў.

Дакументы накіраваны ў суд

Некалькі месяцаў таму падлетка, які вучыцца ў Баранавіцкім ліцэі, прызналі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Цяпер хлопец знаходзіцца пад часовай апекай, з яго маці, якая стала абавязанай асобай і пагашае расходы на ўтрыманне сына, увесь гэты час вялася работа па ўхіленні прычынаў сямейнага недабрабыту.

Праблемы ўзнікалі з-за таго, што ў хлопца меліся запазычанасці па аплаце за інтэрнат, таксама часта адсутнічалі прадукты харчавання, грошы на білеты, таму здараліся пропускі заняткаў. Тым часам маці злоўжывала алкаголем, не імкнулася забяспечыць сына ўсім неабходным для жыцця і вучобы, не падтрымлівала парадак дома.

На жаль, жанчыне так і не хапіла часу (а хутчэй — жадання) выправіцца. Яна не прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці, не з’ездзіла ў ліцэй да сына, не пагасіла запазычанасць за камунальныя паслугі, не навяла парадак у хаце і на ўчастку. Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама вырашылі, што ў такія ўмовы сыну вяртацца нельга. Дакументы на пазбаўленне маці бацькоўскіх правоў накіраваны для разгляду ў суд.

А. ЮРКЕВІЧ, намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
С. ЗАЛУЧАН, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
В. ПЕТРУКЕВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама
І. СТЫРНІК, карэспандэнтка газеты «Перамога», член камісіі



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *