У час асенніх канікулаў з 30 кастрычніка па 4 лістапада 2017 года будуць працаваць аздараўленчыя лагеры ў васьмі школах раёна: сярэдняй школе №1 горада Дзятлава, Казлоўшчынскай, Гезгалаўскай сярэдніх школах, Вензавецкім, Хвінявіцкім, Круцілавіцкім, Жукоўшчынскім, Раклевіцкім дзіцячых садах-школах.
Трэба адзначыць, што ў лагер з дзённым знаходжаннем дзеці могуць быць накіраваны на працягу кожных канікулаў не больш адного разу. Вучні прымаюцца ў лагер на аснове заяваў іх законных прадстаўнікоў.
Ва ўстановах адукацыі будуць праводзіцца розныя мерапрыемствы па аздараўленні і выхаванні дзяцей, накіраваныя на іх творчае, сацыяльнае і фізічнае развіццё. Арганізатары ўжо распрацавалі гульнявыя і забаўляльныя праграмы, спартыўныя святы і спаборніцтвы, экскурсіі. Школьнікі наведаюць музеі, выставы, тэатры і кінатэатры. 2017 год — Год навукі, таму дзецям будзе прапанавана магчымасць у займальнай форме стаць маленькімі даследчыкамі навакольнага асяроддзя, гісторыі сваёй Радзімы.
Спадзяюся, што ў перыяд асенніх канікулаў нашы вучні ў аздараўленчых лагерах добра адпачнуць, узновяць сілы для далейшай вучобы і ўмацуюць сваё здароўе.
Н. ПАЗНЯК,
метадыст Дзятлаўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета