Тыя з дзятлаўчан, хто вырашыў вечар 25 студзеня правесці ў кампаніі з цыганскім шоу «Аллюр», мяркую, не пашкадавалі аб сваім выбары. Акорды скрыпкі, сугучныя ім найгрышы акардэона, песні і танцы, поўныя жыцця — усё гэта склала аснову праграмы «На біс», з якой мінскія артысты выступілі ў Дзятлаўскім раённым доме культуры.
Дзятлаўшчыну калектыў «Аллюр» наведаў упершыню. І таму салістка калектыву Наталля Гарбачова прапанавала гледачам пазнаёміцца. Госці адказвалі на пытанні, якія датычацца творчасці «Аллюра», за правільныя адказы атрымлівалі памятныя паштоўкі з аўтографамі артыстаў. Таксама салістка калектыву запрасіла гледачоў самім паспрабаваць сябе ў ролі артыстаў: найбольш смелыя аматары цыганскай песні выступілі на сцэне, паказалі сваё харэаграфічнае майстэрства.
На працягу канцэртнай праграмы ў зале панавала ажыўленне, энергетыка цыганскай песні нікога не пакінула раўнадушным. Сапраўды немагчыма без душэўнага захаплення слухаць меладычныя рамансы, бадзёрыя песні, песні з вядомых кінафільмаў, глядзець за арыгінальнымі харэаграфічнымі пастаноўкамі. Усё — як у сапраўдных цыган, якія з’яўляюцца героямі вядомай стужкі «Табар сыходзіць у неба». У час канцэрта ў Дзятлаве «Аллюр» выканаў песенную візітку дадзенага кінахіта — песню Рады.
Пасля канцэртнай праграмы жадаючыя маглі сфатаграфавацца на памяць з артыстамі «Аллюра», а карэспандэнт раённай газеты «Перамога» пагутарыла з салісткай калектыву Наталляй Гарбачовай.
— Наталля, як пачыналася гісторыя калектыву «Аллюр»?
— Гісторыя калектыву звязана з гісторыяй маіх бацькоў. Кіраўніком шоу «Аллюр» з’яўляецца Людміла Радзівонава. Сяргей Радзівонаў — аранжыроўшчык, вакаліст, гітарыст, а я — салістка калектыву. «Аллюр» пачынаўся з трох чалавек, цяпер у ім ужо 25 артыстаў.
— Колькі ў калектыве сапраўдных цыганаў?
— Цыганоў у нас няма. Удзельнікі калектыву — прафесійныя артысты, якія выконваюць песні і танцы.
— А як самі цыганы ацэньваюць вашу творчасць?
— Яны заўжды гавораць: «Дзякуй вам вялікі, «Аллюр», што несяце нашу культуру». Калі калектыву было толькі год-два, мы прыехалі выступаць у горад Нясвіж. На выступленне прыйшлі цыганы. Па-праўдзе, я вельмі хвалявалася. Аднак яны спявалі, танцавалі разам з намі, потым праводзілі нас да аўтобуса. За выступленне сказалі нам «Дзякуй». На самой справе гэта дарагога каштуе, калі людзі, культуру якіх мы нясём, ацэньваюць нас станоўча.
— У час сённяшняга канцэрта вы сказалі, што артысты «Аллюра» не прымхлівыя людзі, і што ваш любімае чысло — 13: дзень нараджэння калектыву. Тым не менш, дазвольце пацікавіцца, у што ўсё ж такі верыць «Аллюр»?
— Перш за ўсё трэба верыць у лепшае, у поспех.
— А ці ёсць у калектыву талісман?
— Пэўнага талісмана ў нас няма. Аднак, думаю, у кожнага з нашых артыстаў ёсць свой талісман. У мяне таксама.
— Наталля, як папаўняецца рэпертуар калектыву?
— На пачатку знаходзілі песні на дысках, хтосьці падказваў пэўныя нумары. Ёсць і песні, аўтараў якіх мы не ведаем. Зроблены аранжыроўкі гэтых песень. Вельмі прыгожыя нумары. У нашай творчасці з’явіліся і песні румынскіх цыганаў, і ўсходнія матывы, індыйскія. Ды і ўвогуле, як вядома, цыганы — выхадцы менавіта з Індыі.
— Наталля, гледачы звычайна дораць любімым артыстам падарункі — як знак увагі, прызнання. Часам падарункі вельмі арыгінальныя. А чым здзіўляюць вас прыхільнікі вашай творчасці?
— Усіх падарункаў немагчыма і ўспомніць. У нас у студыі ёсць сцяна, на якой змешчаны розныя граматы, падзякі, пісьмы. Ёсць і падарункі, якія нагадваюць аб тым ці іншым горадзе, дзе мы выступалі. Таксама гледачы дараць і карзіны кветак, і карзіны прадуктаў, цукеркі.
— У Дзятлаве вы выступілі з праграмай «На біс». А калі ўпершыню гледачы ўбачылі гэтае шоу?
— У мінулым годзе 13 лютага мы ладзілі канцэрт у Палацы Рэспублікі. А пазалетась у нас таксама быў канцэрт 13 лютага. Калі на яго былі прададзены ўсе білеты, дырэктар Палаца Рэспублікі прапанаваў зрабіць канцэрт яшчэ і 14 лютага. Мы хваляваліся, ці атрымаецца гэта. Аднак прайшло паспяхова. Такім чынам, прайшлі два аншлагавыя канцэрты. І пасля 13 лютага 2014 года мы з юбілейнай праграмай выступілі «На біс».
— Якія творчыя планы ў калектыву?
— Не хацелася б адкрываць усіх сакрэтаў, аднак скажу, што мы рыхтуем новы праект, у якім будзе не толькі цыганская тэматыка.
13 лютага мы таксама выступім з канцэртам у Моладзевым тэатры эстрады. Ён адбудзецца і 12 сакавіка. А 14 лютага мы паедзем на гастролі ў Рыгу.
— Наталля, а ўвогуле, якія краіны вы наведалі з гастролямі?
— Выступалі ў многіх краінах. У Расіі, Латвіі, некалькі разоў з гастролямі былі на Канарскіх астравах. Усюды гледачы прымаюць нас цёпла, любяць цыганскую песню.
— Як вы мяркуеце, у чым сакрэт яе папулярнасці?
— Цыганская песенная культура — своеасаблівая. Калі раманс, то ён кранае да слёз, калі бадзёрая песня, то немагчыма ўстаяць, каб не патанцаваць.
— Наталля, чаго пажадаеце чытачам нашай газеты?
— Ад усяго нашага калектыву жадаю перш за ўсё здароўя, шчасця, кахання, міру і дабра, а таксама цыганскага запалу.
А. ДУБРОЎСКАЯ