У суботу, 29 ліпеня, чатыры камбайны сельгаспрадпрыемства працавалі на абмалоце рапсу ва ўрочышчы “Дзядоўшчына”. Абмалочвалі выбарачна: вышуквалі на 160-гектарным палетку ўчасткі, дзе зерне сушэйшае, каб лішне не траціцца на дасушванне. Лакальную праблему стварыў начны дождж. Да яго, у пятніцу, зерне паступала на ток амаль сухое. Праз суткі вільготнасць павялічылася ў два разы. Але чакаць далей, каб поле яшчэ больш прасохла, рызыкоўна. Па-першае: капрызы надвор’я непрадказальныя, па-другое: рапс можа пасыпацца з наспелых стручкоў. Трэба малаціць.

Палетак наспелага рапсу, гатовага да абмалоту.

А ўраджай вырашчаны проста выдатны, на зайздрасць. Пачыналі абмалот з 42,3 цэнтнера ўраджайнасці (на 27 ліпеня). І галоўны аграном “Граніт-Агра”Антон Тарасевіч аўтарытэтна заяўляў, што гэта – не мяжа. Меў рацыю, бо ў наступныя два дні ураджайнасць падрасла да 45 цэнтнераў. А некаторыя ўчасткі давалі нават па 48. У пятніцу (за адзін дзень) да дажджу намалацілі 430 тон. На ранні вечар суботы былі абмалочаны 230 гектараў з 400 і дастаўлены на зерняток 1108 тон зерня. Ужо відавочна, што намаганні і сродкі, укладзеныя ў вырошчванне азімага рапсу, шчодра акупіліся. А намаганняў было нямала – каля 10 разнастайных апрацовак пасеваў, не кажучы пра падрыхтоўку палеткаў да сяўбы і ўласна сяўбу. Усе работы выканалі на высокім тэхналагічным узроўні.

Антон Тарасевіч сур’ёзна займаецца рапсам. Ужо ёсць добра напрацаваныя кантакты з фірмамі, што спецыялізуюцца менавіта на рапсе. Фірмы пастаўляюць партыі гібрыдаў для палявых вопытаў, “Граніт-Агра” адплочвае інфармацыяй з гэтых вопытаў. Супрацоўнічаюць узаемавыгадна. Для Тарасевіча самае важнае ў вопытах, што гібрыды праходзяць выпрабаванне не проста ў кліматычнай зоне, а менавіта на землях “Граніт-Агра”. Гэта самая каштоўная інфармацыя!

— Заўтра якраз і пад’едзе прадстаўнік дыстрыб’ютара, заўважае Антон, – будзем абмалочваць вопытныя дзялянкі.

У гэтых стручках – “чорнае золата”. Плыве шумлівым рапсавым “морам”, басавіта гудзе дбайны працаўнік “Lexion-580” Камбайнеры Андрэй Гулецкі (злева) і Дзмітрый Мазур толькі што “пад завязку” загрузілі з бункера свайго КЗС-1218 кузава “ГАЗа” вымалачаным зернем. Галоўны аграном “Граніт-Агра” Антон Тарасевіч і яго рапс. Лічым галінаванне сцябліны рапсу (чым больш галінак, тым болей на іх стручкоў, а ў стручках – зерня). 15 галінак – майстарскі ўзровень. Налічылі 17 галінак. Брава, аграном! Радуецца выдатнаму ўраджаю і дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур (злева). “Чорнае золата” на зернетаку “Граніт-Агра” ў Круцілавічах.

Мы яшчэ вернемся да рапсавай тэмы ў “Граніт-Агра”, а пакуль пажадаем гранітаўскім земляробам мінімум тры-чатыры пагодныя дні для абмалоту іх “чорнага золата”.

Б. Варна

Фота аўтара

PS. На 1 жніўня ў “Граніт-Агра” абмалочаны 320 гектараў рапсу з 400 пасеяных. Ураджайнасць “чорнага золата” ў сельгаспрадпрыемстве дасягнула 50,6 цэнтнера з гектара.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации