Па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 3 снежня пазначаны на календары як Міжнародны дзень інваліда. Ён нагадвае грамадству аб неабходнасці міласэрнасці і клопату ў адносінах да людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сярод іх шмат таленавітых людзей, якія ўмеюць радавацца жыццю, валодаюць пэўнымі талентамі, дэманструюць іх у час розных мерапрыемстваў. Як доказ таму — раённае мерапрыемства да Міжнароднага дня інвалідаў, якое прайшло ў Наваельні.
У цёплай сяброўскай абстаноўцы сустрэліся людзі з абмежаванымі магчымасцямі гэтага гарпасёлка, Дзятлава, Гезгалаў, Казлоўшчыны, члены раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку. Удзел у мерапрыемстве таксама прынялі намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў В. Ю. Берднікава, старшыня Наваельнянскага пассавета І. І. Кунахавец, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Т. С. Нікіпорчык.
Распачалося мерапрыемства з хвіліны маўчання — была ўшанавана памяць тых, каго ўжо няма побач.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў В. Ю. Берднікава заклікала людзей з абмежаванымі магчымасцямі, нягледзячы ні на што, цаніць жыццё, навучыцца радавацца кожнаму пражытаму дню. Валянціна Юльянаўна таксама трымала справаздачу аб той рабоце, якую правяло раённае таварыства інвалідаў за гэты год. Сёлета ў арганізацыю былі прыняты 25 маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сапраўдным падарункам для членаў раённай арганізацыі інвалідаў стала паездка ў Гродна, знаёмства з яго адметнымі мясцінамі, наведванне Аўгустоўскага канала. За такую магчымасць В. Ю. Берднікава выказала ўдзячнасць на адрас раённай выканаўчай улады.
Намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама М. В. Мацюкевіч звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі шмат робіцца па стварэнні безбар’ернага асяроддзя для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Усім ім ён пажадаў бадзёрасці духу, здзяйснення запаветных мараў.
Да словаў намесніка старшыні райвыканкама далучыліся таксама старшыня Наваельнянскага пассавета І. І. Кунахавец, дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Т. С. Нікіпорчык.
Культурную праграму для ўдзельнікаў сустрэчы падрыхтавалі работнікі Наваельнянскага дома культуры — Наталля Нагорная, Галіна Сушко, Аляксандр Саалятэ. Для прысутных гучалі песні, усе жадаючыя маглі паўдзельнічаць у конкурсах. Свае таленты ў час праграмы прадэманстравалі і прадстаўнікі пярвічных арганізацый раённага таварыства інвалідаў — Святлана Барук, Ганна Нашуцінская, Алег Бяляк.
А. ДУБРОЎСКАЯ