25 лістапада да сваіх службовых абавязкаў прыступіў Аляксей Генрыхавіч Качан, які дагэтуль працаваў намеснікам начальніка АУС Лідскага райвыканкама.
Прадставіць яго на новай пасадзе перад калегамі, кіраўніцтвам райвыканкама і сілавых структур раёна і ўручыць пасведчанне на Дзятлаўшчыну прыехаў начальнік упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў.
У рабочым парадку былі заслуханы даклады намеснікаў начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама аб дзейнасці аддзела, абмеркавана стратэгія будучай работы.




– Міністрам унутраных спраў прынята рашэнне аб назначэнні падпалкоўніка міліцыі Аляксея Генрыхавіча Качана на пасаду начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама. Ваш новы кіраўнік валодае глыбокімі ведамі і вялікім практычным вопытам. Я ўпэўнены, што ён аб’яднае вакол сябе каманду сапраўдных прафесіяналаў і выведзе аддзел на лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці і рэспубліцы, – адзначыў Дзмітрый Аляксандравіч.
Дзмітрый Разянкоў уручыў Аляксею Качану службовае пасведчанне начальніка аддзела ўнутраных спраў, кветкі, пры гэтым звярнуў увагу, што наперадзе чакае шмат работы па выкананні задач, пастаўленых дзяржавай перад органамі ўнутраных спраў. Ён выказаў спадзяванне на тое, што кіраўніцтва і сілавы блок Дзятлаўшчыны акажуць садзейнічанне ў рабоце нованазначанаму кіраўніку, пажадаў Дзятлаўскаму аддзелу пад кіраўніцтвам Аляксея Генрыхавіча выніковай работы.





Да віншаванняў далучыўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі:


– Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў хачу павіншаваць Аляксея Генрыхавіча з назначэннем. Гэта важны этап у развіцці аддзела, які задасць далейшы тон супрацоўніцтва з арганізацыямі раёна і дзейнасці структуры. Упэўнены, што камандзе прафесіяналаў пад вашым кіраўніцтвам удасца выканаць ключавыя задачы, заняць дастойнае месца сярод падраздзяленняў органаў унутраных спраў краіны. Са свайго боку, мы, як і заўсёды, акажам усебаковую падтрымку, у тым ліку з прадастаўленнем жылля, ва ўзаемадзеянні будзем працаваць у плане прафілактыкі злачынстваў і ў іншых сферах дзейнасці.
Ён уручыў кветкі новаму кіраўніку, пажадаў зладжанай плённай работы на Дзятлаўшчыне.


Аляксей Качан нарадзіўся 20 жніўня 1985 года ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці. У 2007 годзе скончыў Магілёўскі дзяржаўны каледж міліцыі, у 2013-м – Акадэмію МУС.
У 2021 годзе ён прайшоў перападрыхтоўку, а ў 2026-м скончыў магістратуру Акадэміі МУС. Мае ступень магістра па кіраванні органамі ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і вопыт у рабоце ў органах унутраных спраў.
З 2007 па 2017 гады працаваў у аддзеле ўнутраных спраў Лідскага райвыканкама оперупаўнаважаным, старшым оперупаўнаважаным.
У 2017-2022 гадах – начальнік аддзела крымінальнага вышуку АУС Шчучынскага райвыканкама.
З 2022 па 2026 гады – работа намеснікам начальніка – начальнікам крымінальнай міліцыі АУС Лідскага райвыканкама.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga