Каб адшукаць адказ на гэта пытанне, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, мясцовай улады і Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства правялі выязны маніторынг гандлю ў сельскай мясцовасці. У цэнтры ўвагі была работа і асартымент аўтамагазінаў і стацыянарных гандлёвых кропак у населеных пунктах Дзятлаўскага і Жукоўшчынскага сельсаветаў. 

Намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская, намеснік дырэктара Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Алеся Лазута разам са старшынямі Дзятлаўскага і Жукоўшчынскага сельсаветаў Ігарам Хітро і Іванам Свібам наведалі вёскі Хадзяўляны, Нагародавічы, аграгарадкі Жукоўшчына і Гезгалы, дзе сустрэліся з мясцовымі жыхарамі і распыталі іх праўдзівае меркаванне: што найбольш падабаецца, а дзе трэба яшчэ дапрацаваць.

Вольга Жэлезоўская расказала аб тым, як наладжана гандлёвая сістэма ў раёне:

– Пытанні абслугоўвання сельскага насельніцтва на пастаянным кантролі  ў Дзятлаўскім райвыканкаме. Мы падтрымліваем пазіцыю кіраўніка дзяржавы ў тым, што кожны сельскі жыхар павінен атрымліваць гандлёвае абслугоўванне не горшае, чым у горадзе. На сёння населеныя пункты, дзе адсутнічаюць стацыянарныя гандлёвыя кропкі, абслугоўваюцца аўтамагазінамі, пераважна гэта Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства, а таксама індывідуальны прадпрымальнік. Графікі руху ўзгадняюцца з райвыканкамам і распрацоўваюцца так, каб ахапіць нават самыя аддаленыя кропкі раёна. Гэта работа вядзецца па запытах насельніцтва. Для гэтага філіял трымае пастаянную сувязь са старшынямі сельвыканкамаў і старастамі вёсак. Хочацца адзначыць, што за 2026 год скаргаў або заўваг ад сельскага насельніцтва па гандлёвым абслугоўванні ў райвыканкам не паступала.  

У цэлым вяскоўцы выказалі задаволенасць гандлёвым абслугоўваннем. Сярод пазітыўных момантаў адзначылі якасць прадукцыі, дастатковы асартымент, ветлівасць і ўважлівасць прадаўцоў ва ўсіх гандлёвых кропках.

– Усё, што нам трэба, тут ёсць або прывозяць. Унучка мая не пераносіць лактозу, тык нават такое малако прывозяць для нас! Дзякуй за гэта клапатлівым прадаўцам, – адзначыла жыхарка аграгарадка.

Дарэчы, у кожным населеным пункце ёсць топ сваіх папулярных прадуктаў, які ўжо ведаюць і дастаўляюць. Напрыклад, у Жукоўшчыне вельмі любяць свежае печыва і салёныя селядцы на вагу.

У ліку момантаў, якія патрабуюць увагі, называліся не крытычныя заўвагі, а, хутчэй, пажаданні. Каб было больш варыянтаў фасоўкі і ўпакоўкі тавараў, каб аўтамагазін прыязджаў не двойчы, а тройчы на тыдзень, калі гэта магчыма, каб у магазін “Родны Кут” знайшлі яшчэ аднаго работніка, бо даводзіцца адначасова і прымаць тавар, і адпускаць. Таксама нямала пытанняў па навядзенні парадку паступіла старшыням сельвыканкамаў.

Алеся Лазута расказала, якімі магчымасцямі карыстаюцца сельскія спажыўцы:

– Сёння мы абмеркавалі з вяскоўцамі работу аўтамагазінаў, нагадалі пра сацыяльную скідку 10 % на сацыяльна значныя тавары, якой карыстаюцца пакупнікі. Таксама скідкі ёсць на некаторыя каўбасныя вырабы і прадукцыю ўласнай вытворчасці нашага філіяла. Нараканняў мы не пачулі, толькі ўдзячнасць ветлівым прадаўцам, якія сваёй увагай нікога не абышлі, у любое надвор’е прывозяць тавары сваім пакупнікам. Хочацца нагадаць, што набліжаюцца навагоднія і калядныя святы, і жыхары ўсіх населеных пунктаў раёна маюць магчымасць зрабіць папярэдні заказ на святочную і іншую прадукцыю, якая будзе дастаўлена спецыяльна для іх.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles

Похожие публикации