Ідуць гады, мяняюцца каштоўнасці, але і сёння самых дарагіх гасцей сустракаюць караваем. Хлеб на стале – гэта не проста прадукт, а сімвал дабрабыту, пераемнасці пакаленняў і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Дзятлаўчанам у гэтым плане пашанцавала: у райцэнтры працуе хлебны цэх Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства, які кожны дзень выпускае каля чатырох з паловай тон свежага хлеба, батонаў, булачак і іншай прадукцыі, якая карыстаецца попытам у нашым і суседніх раёнах.

Нядаўна наш фармавы хлеб “Прыазёрны”, вядомы ў народзе як “кірпічык”, быў адзначаны дыпломам за першае месца ў рэспубліканскім конкурсе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Смаката”, а вітушка “Деревенская” ўдастоена гран-пры выставы “Прадэкспа-2026”. Аб прадукцыі, рабоце і калектыве хлебнага цэха расказаў начальнік аддзела прамысловасці Дзятлаўскага філіяла Сяргей Саўко:

– Наш брэнд – фармавы хлеб “Прыазёрны” складае каля 70 % усёй выпушчанай прадукцыі. Акрамя таго, выпякаем чатыры віды падавога заварнога хлеба з рознымі дабаўкамі – семачкамі сланечніка, каляндрай, сушаным часнаком і кменам. Усе яны ёсць у гандлёвай сетцы. Штодзень у цэху выпякаюць на сто кілаграмаў белага фармавога хлеба “Нежный”, які людзі называюць салдацкім. У продаж наш хлеб і іншыя вырабы паступаюць у розным выглядзе на любы густ – цэлыя або палавінкі, упакаваныя або не. Таксама ў цэху наладжаны выпуск багетаў, тоставага хлеба, лаваша з цыбуляй, усемагчымых рулетаў з начынкамі, булачак розных форм і памераў, іншага печыва. Напрыклад, самыя маленькія булачкі “Макавічкі” важаць 40 грамаў і фасуюцца па пяць штук.

Па словах Сяргея Аляксандравіча, усё хлебнае багацце ствараецца  працавітымі хлебапёкамі, якія працуюць па пяць чалавек у змену, на працягу паўсутак яны ў гарачым цэху на нагах. Каб палегчыць іх працу, у мінулым годзе былі набыты новыя цестамясільная машына і цестаакругляльнік. А яшчэ на прадпрыемстве створаны ўмовы для прыёму ежы і кароткага адпачынку персаналу ў асобным пакоі.   

Рэцэптура дзятлаўскага хлеба і хлебабулачных вырабаў проста так не раскрываецца, але ўсе мы ведаем, што самы важны іх інгрэдыент – цяпло душы і залатых рук нашых хлебапёкаў.  Каб пазнаёміцца з аўтарамі тытулаванага хлеба, адпраўляемся ў Дзятлаўскі хлебны цэх.

За тое, каб на кожным з этапаў выпуску прадукцыі ўсё працавала, як швейцарскі гадзіннік, адказвае старшы майстар Ірына Аўдзеенка. Яна прыйшла на хлебазавод у 1996 годзе звычайным пекарам пасля заканчэння прафтэхвучылішча. Стаяла каля мясільнай машыны, печы, атрымлівала практычны вопыт. Пасля заканчэння тэхнікума па профільнай спецыяльнасці яна стала працаваць майстрам змены, атрымала вышэйшую адукацыю інжынера-тэхнолага хлебапякарнай прамысловасці і прыняла на сябе абавязкі старшага майстра. Ірына Аляксандраўна лічыць, што спажыўцы любяць дзятлаўскі хлеб за яго смакавыя вартасці, натуральнасць і… душэўнасць. 

– У нас самы смачны хлеб, бо выпякаецца з душой, у добразычлівай атмасферы.  Калектыў дружны, кожны з хлебапёкаў ведае ўвесь тэхналагічны працэс, таму за ўсё бяромся разам, дапамагаем адзін аднаму, бо перажываем за вынік і якасць.

Майстар змены Ганна Вянско – зорка гэтага працоўнага калектыву. Яна ведае і ўмее ўсё, што звязана з хлебам і выпечкай, мае дзве вышэйшыя адукацыі і 15 гадоў працоўнага стажу. Пачынала звычайнай рабочай цэха, па запрашэнні кіраўніцтва філіяла год працавала начальнікам сектара якасці, але зразумела, што для яе няма нічога лепей працы ў цэху, дзе ветлівыя калегі са шчырымі ўсмешкамі і пах духмянага хлеба.

– Люблю працаваць з цестам рукамі, фармаваць булачкі – гэта заўсёды творчы працэс. З пахам хлеба і печыва прыходзіць асаблівая атмасфера, якую я не прамяняю ні на якія пасады і кабінеты.

Ганна Валер’еўна прызнаецца, што ў магазіне купляе дзятлаўскую хлебабулачную прадукцыю, а больш за ўсё любіць “кірпічык”.

Святлана Венская прыйшла на хлебазавод з кандытарскага цэха Дзятлаўскага філіяла, дзе працавала цэлае дзесяцігоддзе.

– Работу сваю вельмі люблю, там таксама падабалася, але тут больш зручны графік, – падзялілася жанчына. – Працую майстрам вытворчасці і дадаткова бяру змены пекара. Займаюся замесам цеста, выпечкай. Падабаецца, што кожную змену нешта новае, усё цікава і неаднастайна.

– Вам падабаецца дзятлаўскі хлеб?

– Вядома, вельмі люблю наш звычайны, чорны фармавы. Ён з’яўляецца візітнай карткай Дзятлаўшчыны, яго любяць і чакаюць у розных раёнах, асабліва ў Лідскім. Атрымліваем ад спажыўцоў добрыя водгукі, і гэта заўсёды прыемна.

Надыходзіць вечар, а работа ў хлебным цэху прадаўжаецца. Заданне начной змены – выпяканне батонаў, таго самага папулярнага “Прыазёрнага” хлеба, наразанне прадукцыі, упакоўка. І ўжо а пятай гадзіне раніцы наша прадукцыя адправіцца ў магазіны Дзятлаўскага, Навагрудскага, Карэліцкага, Слонімскага, Іўеўскага і Лідскага раёнаў, дзе пакупнікі чакаюць свой любімы хлеб.   

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#нашелучшее #нашалепшае  #годбелорусскойженщины 

Похожие публикации