Крыху больш за месяц засталося да Новага года, святочны настрой ужо ўваходзіць у нашу паўсядзённасць. Дзятлаўскае РУП ЖКГ абяцае ва ўпрыгажэнні горада традыцыйную ілюмінацыю і сюрпрызы, аб чым расказаў дырэктар прадпрыемства Васіль Пяцюк:

– Думаю, жыхары райцэнтра заўважылі, што ў горадзе пачалі выстаўляцца светлавыя фігуры, ужо знаёмыя дзятлаўчанам: гэта светлавыя аркі ў гарадскім парку і скверы па вуліцы Савецкай, статуэткі ў выглядзе фантана-зліва, карэты, упрыгажэнне ліхтароў на гарадской плошчы, якое ў народзе назвалі “бакалы”. Сёлета ілюмінацыя горада дапоўніцца новымі гірляндамі і святлодыёднай выявай снегавіка на фасадзе Дома быту. Дададуцца новыя аркі на алеі Маці і ў гарадскім парку па вуліцы Міцкевіча ўздоўж новай тратуарнай дарожкі.
– Якім будзе галоўнае навагодняе дрэва раёна?
– Як і раней, плануецца ўзвесці каркасную ялінку, на якой да мінулагодніх дададуцца новыя цацкі і гірлянды. Разглядаецца тэхнічная магчымасць устаноўкі шатра з гірлянд, які будзе размяшчацца або вакол навагодняга дрэва, або ў іншым месцы на плошчы. У гэтым пераймаем вопыт іншых раёнаў Гродзеншчыны. Таксама навагоднія ялінкі і новыя агеньчыкі з’явяцца ў гарпасёлках Казлоўшчына, Наваельня і аграгарадку Гезгалы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga