З рабочым візітам Дзятлаўшчыну наведала Галіна Гуцава, вядучы навуковы супрацоўнік інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі, кандыдат сельскагаспадарчых навук.
У час сустрэч з калектывамі ў сваім дакладзе эксперт прывяла навуковыя даныя, якія сведчаць пра каласальны прагрэс у аднаўленні пацярпелых земляў і нармалізацыі экалагічнай абстаноўкі.
– Мэтай майго рабочага візіту на Дзятлаўшчыну было азнаёміць супрацоўнікаў кіруючых структур з сучаснай сітуацыяй, якая тычыцца забруджанасці радыенуклідамі тэрыторый Рэспублікі Беларусь, – падкрэсліла Галіна Зянонаўна. – За мінулыя дзесяцігоддзі ў краіне зафіксавана ўстойлівая дынаміка скарачэння плошчаў, пацярпелых ад радыенуклідаў. Кантроль не спыняецца ні на дзень. Спецыялісты рэгулярна выязджаюць у экспедыцыі, адбіраюць узоры глебы для дэталёвага даследавання. На падставе праведзеных аналізаў робяцца далейшыя высновы.

Сёлета прыняты новы пералік забруджаных радыенуклідамі населеных пунктаў, з якіх у якасці ўжо чыстых выведзены 177 паселішчаў, на Дзятлаўшчыне гэта гарадскі пасёлак Наваельня і вёска Рабкі з узроўнем забруджанасці менш за адзін кюры.

У сувязі з прынятым рашэннем мясцовае насельніцтва справядліва задаецца пытаннем, што з-за гэтага імі страчана і ў чым ёсць перавагі. Безумоўна, людзі з чыстых тэрыторый страчваюць сваё права на льготы, аднак яны нязначныя (пералічаны ў артыкуле 23 Закона “Аб сацыяльнай абароне насельніцтва, якое жыве на забруджаных тэрыторыях”). У ліку пераваг: выраўноўванне тэрыторый Рэспублікі Беларусь, адыход ад пэўных абмежаванняў, большая іх прывабнасць для маладых сем’яў, развіцця малога бізнесу і фермерскіх гаспадарак. Цяпер у выключаных з пераліку населеных пунктах не ўлічваецца радыелагічны фактар пры вытворчасці прадукцыі. Як ведаем, тавары, вырабленыя на забруджаных тэрыторыях, маюць радыелагічны фактар. Пры продажы за межы нашай дзяржавы гэта б’е па іх канкурэнтаздольнасці. Чаму цяпер падобная прадукцыя лічыцца бяспечнай?

Мінула сорак гадоў з дня катастрофы, адбыўся паўраспад радыенуклідаў, спрацавалі абарончыя мерапрыемствы, якія ладзіла дзяржава, гэта значыць, што вялікай небяспекі радыелагічны фон сабой не ўяўляе. Прадукцыя, атрыманая на аднесеных да чыстых тэрыторыях, знаходзіцца ў межах дапусцімых нормаў па радыяцыйных паказчыках. Разам з тым, статус “забруджаная тэрыторыя” застаўся ў свядомасці людзей як паказчык небяспекі. Калі чалавек рэалізуе адтуль прадукцыю і гаворыць, што яна ў межах нормы па ўтрыманні радыенуклідаў, то спажывец можа адмовіцца, выбраць лепш тавары з чыстых населеных пунктаў і земляў.

У сувязі з гэтым у сваіх дакладах мы тлумачым актуальную сітуацыю: чаму ачышчаецца наша зямля, як мы адыходзім ад праблем з радыяцыяй і як расказваць жыхарам населеных пунктаў, што выводзяцца з пераліку забруджаных, чаму яны набываюць больш, чым губляюць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga