Тэма
Булінг – гэта сістэмныя здзекі, на жаль, ён сустракаецца ў дзіцячых калектывах.
Праблема
Аб’ектам булінгу можа стаць абсалютна любое дзіця, незалежна ад яго знешнасці або паводзінаў.
Слова спецыяліста
Алена Франюк, педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава:

– Найперш, разбяромся са значэннем слова “булінг”. Яно абазначае сістэмнае наўмыснае псіхалагічнае ці фізічнае агрэсіўнае ўздзеянне на ахвяру, якая не можа сябе абараніць. Варта ведаць, што сацыяльная ізаляцыя не з’яўляецца булінгам, як і радавыя канфлікты. Як распазнаць паміж імі розніцу? Канфлікт – гэта інцыдэнт, а булінг – сістэма. Канфлікт “лечыцца” размовай, булінг – толькі жорсткім дарослым умяшальніцтвам. Тэрмінова неабходна адрэагаваць, калі сілы не роўныя і ахвяра слабейшая, малодшая, мае іншы статус, калі дзіця не можа абараніцца і просіць дапамогі (нават моўчкі), бо нападкі рэгулярныя, пакутуюць здароўе і самаацэнка непаўналетняга. Бацькам варта ведаць і пра тое, што заставацца раўнадушнымі пры ўзнікненні праблем проста нельга. Нават пры звычайнай сварцы, калі сын ці дачка просіць дапамогі, вы абавязаны адрэагаваць, праўда, фармат будзе іншы: не ратаваць, а навучыць дамаўляцца. Калі ж прыкметы булінгу ўжо адзначаюцца, то фактычна вы не ўмешваецеся, а спыняеце насілле, і гэта не дапамога, а ваш дарослы абавязак.
Увогуле, бацькі павінны вучыць дзіця правільна адказваць на нападкі, аднак, калі цкаванне стала сістэмным, ніякія правільныя словы ўжо не дзейнічаюць. Безумоўна, вучыць дзяцей упэўнена адказваць на агрэсію, дразнілкі, правакацыі варта, аднак усё гэта робіцца да таго, калі яно стала ахвярай сістэмных здзекаў або пасля іх спынення, каб вярнуліся ўпэўненасць у сабе і навык выбудоўваць асабістую прастору. Галоўнае, што павінны зразумець бацькі: прычына булінгу хаваецца не ў асаблівасцях дзіцяці, якое стала аб’ектам здзекаў, а ў нездаровай дынаміцы ўнутры калектыву. Таму немагчыма даць малому інструкцыю, якая ўпэўнена застрахуе ад булінгу, аднак можна развіць навыкі і закласці фундамент адносінаў, што дапамогуць паспяхова супрацьстаяць агрэсіі, не губляць самаацэнкі і своечасова атрымаць абарону.
Варта ведаць
- падмуркам абароненасці з’яўляецца поўны давер у сям’і;
- навучыце разумець уласныя эмоцыі і межы: дзеці часта церпяць абразы, бо не адчуваюць, дзе заканчваецца жарт і пачынаецца насілле;
- агрэсары чакаюць ад ахвяры бурнай эмацыянальнай рэакцыі, слёз: вучыце спакойным, упэўненым адказам без агрэсіі;
- вучыце адчуваць розніцу паміж паклёпніцтвам і абаронай, бо адзін з галоўных страхаў школьніка стаць даносчыкам, таму навучэнцы могуць маўчаць месяцамі;
- вучыцедзіця знайсці асяроддзе, дзе цэняць (секцыі, гурткі, студыі), такія сябры будуць апорай і пацвярджэннем, што ўсё у парадку.
Увага
Калі булінг ужо пачаўся, то гэта зона адказнасці дарослых. Задача дзіцяці – паведаміць вам, а задача бацькоў – неадкладна падключыць адміністрацыю школы, класнага кіраўніка і педагога-псіхолага для спынення здзекаў і цкавання.
Даведка
Булінг працвітае там, дзе пра яго маўчаць. Псіхалагічнае насілле рэдка спыняецца само па сабе. Таму ва ўстановах адукацыі працуе “Пошта даверу”, куды могуць звярнуцца як самі непаўналетнія, якія падвяргаюцца булінгу, так і сведкі. Гэта канфіданцыйны канал сувязі, створаны для таго, каб кожнае дзіця і падлетак былі пачутыя і змаглі атрымаць неабходную дапамогу.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga