Аб гэтым расказала намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:
– З 1 лістапада 2026 года бюджэт пражытачнага мінімуму (БПМ) у Беларусі ў сярэднім на душу насельніцтва складзе 535,7 рубля і дзейнічаць ён будзе да 31 студзеня 2027 года.
Яго павышэнне аўтаматычна павялічыць выплаты, якія разлічваюцца зыходзячы з гэтага нарматыву, у тым ліку вырасце памер сацыяльных пенсій, што выплачваюцца тым, хто не атрымаў права на працоўную пенсію. На Дзятлаўшчыне жыве 260 такіх атрымальнікаў. Павысяцца даплаты і надбаўкі да пенсій (уключаючы павышэнне для асобных катэгорый пенсіянераў і выплаты непрацуючым грамадзянам старэйшым за 75 і 80 гадоў. У нашым раёне ва ўзросце 75-79 гадоў жыве 860 пенсіянераў і ва ўзросце 80-89 гадоў – 931 жыхар, прычым у гэтым годзе да кастрычніка і ў гэтым месяцы 80-годдзе сустрэлі 117 чалавек. Чакаецца таксама павелічэнне дапамогі па доглядзе інваліда першай групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.
Разам з тым, не варта блытаць сацыяльныя пенсіі, на якія паўплывае павелічэнне з 1 лістапада БПМ, і працоўныя. Павелічэнне працоўных пенсій у сувязі з павелічэннем сярэдняй заработнай платы работнікаў у Рэспубліцы Беларусь у гэтым годзе ажыццяўлялася ў лютым – у сярэднім на 10 % і ў верасні – у сярэднім на 5 %.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga