Сустрэча пад такой назвай прайшла ў сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава ў рамках Тыдня бацькоўскай любові.

Больш падрабязна пра мерапрыемства расказала выхавальнік установы Кацярына Губко:

– Ва ўтульнай зале цэнтра сабраліся прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі, педагогі і спецыялісты, каб пагаварыць пра самае важнае: сям’ю, любоў і рэсурсы, якія дапамагаюць пераадольваць любыя цяжкасці.

Святочную нотку дыялогу задалі лірычная музыка і словы вядучай, якая падкрэсліла, што быць прыёмнымі бацькамі і бацькамі-выхавальнікамі – не проста работа, а заклік душы, штодзённы подзвіг любові, цярпення, веры ў маленькага чалавека.

Цэнтральнай падзеяй сустрэчы стаў блок работы з метафарычнымі асацыятыўнамі картамі. Педагог-псіхолаг цэнтра Алена Франюк дапамагла ўдзельнікам зірнуць на сваё жыццё і пачуцці збоку.

У час кава-паўзы прысутныя змаглі паразмаўляць, падзяліцца паміж сабой гісторыямі поспехаў, кур’ёзнымі выпадкамі з жыцця, адказаць на важныя пытанні: як знаходзіць час на сябе, што дапамагае ў цяжкія хвіліны, якія маленькія перамогі дзяцей запамінаюцца больш за ўсё. Атмасфера даверу і адкрытасці дапамагла кожнаму адчуць, што ён не адзінокі.

Завяршылася сустрэча гульнёй “Скрыначка пажаданняў”. Кожны з прысутных напісаў добрыя, шчырыя словы для ўсіх. Паперкі былі сабраны ў прыгожую скрыню, пасля чаго іх па чарзе дасталі і прачыталі. “Няхай вашы карані будуць моцнымі”, “цярпення і веры ў сябе”, “няхай у вашым доме заўжды будзе цёпла” – гэтыя і іншыя словы падтрымкі сталі матывуючымі.

У фінале вядучая нагадала, што дзіця – не сасуд, які трэба напоўніць, а агонь, які неабходна запаліць. Менавіта прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі – гэта тыя людзі, якія запальваюць святло ў сэрцах дзяцей, іх любоў здольная на сапраўдны цуд.

Ірына СТЫРНІК
Фота арганізатараў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации