Сёлета педагагічная сям’я Дзятлаўшчыны папоўнілася дваццаць адным маладым спецыялістам, многія з іх – работнікі дашкольных установаў адукацыі. Свае першыя крокі ў прафесіі ў Гезгалаўскім дзіцячым садзе робіць Вікторыя Кісялёва. Яна расказала, чаму выбрала педагогіку, як прынялі на працоўным месцы і чаму працаваць з дзецьмі заўсёды цікава.

– Работа ў дзіцячым садзе – гэта мара, якая збылася, бо я люблю дзяцей, – расказвае яна. – Яшчэ ў час вучобы ў школе я хацела атрымаць прафесію выхавальніка дашкольнай адукацыі і дасягнула гэтага.

Вікторыя Яўгеньеўна – малодшая дачка ў сям’і, пры гэтым ёй падабаецца бавіць час са сваім пляменнікам, сынам старэйшай сястры, з якім яна лёгка ладзіць. Пасля заканчэння базавай школы дзяўчына вырашыла трансфармаваць свае педагагічныя здольнасці ў прафесію і падала дакументы ў Гуманітарны каледж імя Янкі Купалы, які сёлета паспяхова скончыла. Калі даведалася, што па размеркаванні едзе працаваць у аграгарадок, узрадавалася.

– Пачынаць працаваць у невялікім утульным працоўным калектыве – гэта выдатны шанц дэталёва разабрацца ў прафесіі на практыцы, атрымаць слушныя парады і падтрымку ад старэйшых калег, – дзеліцца малады спецыяліст. – Дагэтуль не была ў Дзятлаўскім раёне, але чула пра яго шмат добрага.

Усё атрымалася найлепшым чынам: у Гезгалах сустрэлі, як родную, прадаставілі ўсе выплаты, забяспечылі жыллём у выглядзе аднапакаёвай кватэры. У першы ж дзень адбылося знаёмства з калектывам Гезгалаўскага дзіцячага сада і экскурсія па ўстанове, на само працоўнае месца.

– Мне даверылі працаваць выхавальнікам у рознаўзроставай групе ад двух да чатырох гадоў, у мяне сем маленькіх падапечных, так што кожнаму я магу ўдзяліць дастаткова ўвагі і часу. Разам мы займаемся, гуляем. Асабліва прыемна назіраць, як яны спазнаюць свет і  вучацца нечаму новаму. Напрыклад, вымаўляюць новыя словы.

Выхаванцы і іх бацькі рады, што ў іх дзетак такая маладая абаяльная выхавальніца, сама Вікторыя Яўгеньеўна таксама задаволена: кожны дзень яна папаўняе сваю скарбонку педагагічнага вопыту новымі ведамі і ўменнямі, каб стаць сапраўдным высокакваліфікаваным спецыялістам. У вольны час яна піша вучэбныя планы, малюе або захапляецца мясцовай прыродай.

– Як толькі прыехала на Дзятлаўшчыну, адразу звярнула ўвагу на мноства прыгожых соснаў, якія растуць у аграгарадку паўсюль. За гэтыя месяцы паспела пабываць у гарпасёлку Наваельня, дзе пазнаёмілася з іншымі маладымі педагогамі, а таксама ў горадзе Дзятлаве, які зацікавіў мяне сваёй архітэктурай. Пакуль надвор’е дазваляе, кожныя выхадныя езджу дадому ў Гродна.

На пытанне аб найбліжэйных планах Вікторыя Кісялёва адказвае адназначна:

– Мая задача сёння – сумленна працаваць, набірацца вопыту, выхоўваць дзяцей у любові да Беларусі і роднага краю, быць карыснай свайму маленькаму калектыву і педагагічнай супольнасці Дзятлаўскага раёна. Якімі будуць іншыя планы ­– пакажа час.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации