У наш час дзеці робяць першыя крокі ў лічбавай прасторы раней, чым вучацца завязваць шнуркі, таму надзвычай важна паклапаціцца пра іх бяспеку ў інтэрнэце.

Як гэта робяць у сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава, расказалі сацыяльныя педагогі ўстановы Іна Нічыпаровіч і Дзіяна Кацянкова:

– На базе цэнтра мы правялі чарговае пасяджэнне тэматычнай пляцоўкі па прававым выхаванні дзяцей і падлеткаў “Pravo.by”. На гэты раз выбралі фармат інфарм-дайджэста па тэме “Персанальныя даныя вуснамі дзяцей”.

У час сусрэчы ў даступнай і зразумелай форме патлумачылі юным удзельнікам, што такое персанальныя даныя і чаму іх неабходна берагчы, якую інфармацыю нельга размяшчаць у адкрытым доступе, як распазнаць махляроў і зламыснікаў у інтэрнэце і якія правілы паводзінаў дапамогуць захаваць лічбавую бяспеку.

Асаблівасць інфарм-дайджэста – падача сур’ёзнага матэрыяла праз жывую размову, інтэрактыў, выказванне меркаванняў саміх дзяцей. Непаўналетнія не проста слухалі, а разважалі, задавалі пытанні, дзяліліся ўласным вопытам і разам знаходзілі адказы.

Мы ставілі сваёй мэтай паспрыяць фарміраванню ў падрастаючага пакалення ўсвядомленых і бяспечных паводзінаў у інтэрнэце, навучыць крытычна ацэньваць кантэнт і адстойваць асабістыя граніцы ў лічбавым свеце. Дарослым варта ведаць: чым раней пачаць размаўляць з дзецьмі аб бяспецы ў лічбавай прасторы, тым больш упэўнена і абаронена яны будуць сябе там адчуваць.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации