Сямейнае чытанне – гэта не проста карыснае баўленне часу. Гэта асаблівы код даверу, які перадаецца ад пакалення да пакалення. Менавіта праз сумесную кнігу мы адкрываем дзецям свет, а яны  дапамагаюць нам нанова заўважыць яго прыгажосць.

Аддзел маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі прапануе кнігі, якія ідэальна падыходзяць для чытання ў цёплым сямейным коле.

Зборнік апавяданняў і вершаў “Мама, сонейка і я” – гэта сапраўдная кніга-абдымка. Чытаючы гэтыя светлыя і простыя гісторыі разам з малышамі, бацькі ствараюць для іх бяспечную, напоўненую любоўю прастору. Гэта выдатная нагода абняць дзіця і паразмаўляць аб тым, як важна клапаціцца адзін пра аднаго.

Кніга Іны Фраловай “Раніца” – кароткія, мілагучныя вершы на роднай мове. Яны вучаць дашкольнікаў заўважаць цуд у кожным новым дні: у кроплі расы, сонечным зайчыку ці першым восеньскім лісціку. Калі маці ці тата чытаюць гэтыя радкі ўслых, дзіця вучыцца адчуваць смак і прыгажосць роднага слова праз бацькоўскую інтанацыю.

Выдатным правадніком для ўсёй сям’і стане выданне з серыі “Беларуская дзіцячая энцыклапедыя” “Едзем да бабулі ў вёску”. Разам з дзяўчынкай Паўлінкай і хлопчыкам Міхаськам кніга дапамагае сучасным дзецям зразумець традыцыйны вясковы побыт, пазнаёміцца з прыладамі працы нашых продкаў, нацыянальнымі стравамі, святамі і адчуць сувязь са сваім родам.

Адкрывайце свет разам з дзецьмі, гартайце старонкі, абмяркоўвайце прачытанае і стварайце свае непаўторныя сямейныя традыцыі. А бібліятэкары заўсёды рады дапамагчы вам выбраць кнігу, якая падорыць вашаму дому цяпло і натхненне.

Алена ЯКАЎЧЫК,
бібліятэкар аддзела маркетынгу, сацыякультурнай дзейнасці, метадычнай работы і фарміравання бібліятэчнага фонду

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации