Малако ў Беларусі называюць “белым золатам”, а малочную прадукцыю пад беларускімі брэндамі любяць і цэняць далёка за межамі краіны. Як вядома, якасць гэтых натуральных прадуктаў пачынаецца з фермы, нездарма кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пастаянна трымае на кантролі работу аграпрамысловага комплексу і, каб захаваць і памножыць пагалоўе дойнага статку, даў даручэнне аграпрамысловым прадпрыемствам паклапаціцца аб узвядзенні новых прафілакторыяў для цялят.

Любы спецыяліст-жывёлавод пацвердзіць, што першыя дні жыцця надзвычай важныя для маладняку, бо вызначаюць імунітэт цяляці. Спрыяльныя ўмовы ўтрымання абараняюць жывёлін ад хваробаў, таму маштабнае будаўніцтва такіх аб’ектаў павышае рэнтабельнасць і таварнасць малочных комплексаў.

На Дзятлаўшчыне таксама ўзяты курс на мадэрнізацыю ў гэтым кірунку. Цяпер ажыццяўляецца ўзвядзенне шасці прафілакторыяў у пяці гаспадарках раёна.

Так, у КСУП “Хвінявічы” практычна завершаны работы па мантажы каркасна-тэнтавага збудавання. Цяпер выконваецца ўладкаванне пад’язных шляхоў да новага аб’екта, ажыццяўляецца афармленне дакументаў для ўводу яго ў эксплуатацыю.

– Аптымальным варыянтам для шчыльнай забудовы тэрыторыі малочнатаварнага комплексу “777” быў менавіта каркасна-тэнтавы прафілакторый, – патлумачыў намеснік дырэктара КСУП “Хвінявічы” Іван Ступчык. – Разам з тым, такі будынак хутка ўзводзіцца. Наш, напрыклад, устанавілі практычна за два тыдні. Мы заключылі дагавор з ТАА “ТэндЛюксПро”, спецыялісты гэтай арганізацыі і паставілі нам каркас. Работы па падрыхтоўцы і заліўцы пляцоўкі выконвалі ўласнымі сіламі. Цяпер будынак гатовы на 99 %, яшчэ тыдні два патрацім на пад’язныя шляхі да яго. Домікі для цялят будуць стаяць у чатыры рады, усяго тут паселіцца да 90 гадаванцаў, а калі спатрэбіцца, можна будзе даставіць яшчэ рад па цэнтральным праходзе.

У высокай стадыі гатоўнасці ўладкаванне прафілакторыя на МТК “Краглі” КСУП “Жукоўшчына”. Новы гадавальнік тут вырашылі арганізаваць на базе ранейшага, пэўны час неэксплуатуемага цялятніка, што паспрыяла эканоміі рэсурсаў. Работы па бягучым рамонце будынка ўжо скончаны. У ім размяшчаюць клеткі для маладняку, якіх мяркуецца ўстанавіць 80 штук.  

Адразу два новыя аб’екты “падрастаюць” у ААТ “Граніт-Агра”. Прафілакторыі для цялят у гэтай гаспадарцы будуюць на МТК “Белагурна” на 104 месцы, гатоўнасць аб’екта – 65 % і на МТК “Таркачы” на 96 месцаў, гатоўнасць складае 75 %.

– Абодва прафілакторыі ўзводзім гаспадарчым спосабам, што дазволіць сэканоміць грашовыя сродкі, – расказаў прараб ААТ “Граніт-Агра” Аляксандр Ляшэвіч. – Кошт кожнага са збудаванняў паводле праекта каля 600 тысяч рублёў, аднак паколькі працуем сваімі сіламі, то пабудова абыдзецца танней як мінімум на 40 % . Мы ўстанавілі металічныя каркасы, залілі бетонную падлогу, сцены будзем запаўняць драўнінай, вядуцца работы і на дахах цялятнікаў, узводзіцца малочная кухня. Гатоўнасць высокая, будаўніцтва мяркуем скончыць у верасні. Адным словам, да зімова-стойлавага перыяду ў цялят будуць камфортныя хаткі пад надзейным дахам.

У КСУП “Войневічы” ў 60 % ацэньваюць гатоўнасць прафілакторыя для цялят на МТК “Ёцавічы”. Будынак тут будзе даволі змястоўны: 74 на 18 метраў на 204 месцы.

– Работы мы вядзём гаспадарчым спосабам і плануем сэканоміць да 40-50 % грашовых сродкаў. На будаўніцтве павільёна заняты 11 чалавек, сярод якіх 6 – мясцовыя і 5 – запрошаныя, да 1 верасня аб’ект плануем завяршыць, матэрыялы закуплены ў поўным аб’ёме, – падзяліўся майстар-будаўнік КСУП “Войневічы” Анатоль Клімчук. – Збудаванне гэта капітальнае, закрытае, яно будзе цёплым і зручным для цялят. 

На МТК “Засецце” філіяла “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” пад будучы прафілакторый для цялят ужо падрыхтавана і заліта бетонная пляцоўка. Аб’ект гэты таксама павінен стаць унушальным: 120 на 18 метраў для 300 гадаванцаў. Будаўніча-мантажныя работы выконваюцца падрадным спосабам. Хутка тут будзе ўзведзена каркасна-тэнтавае збудаванне.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации