Пад такой назвай у сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава прайшло інтэрактыўнае мерапрыемства для падлеткаў, скіраванае на прафілактыку ўжывання псіхаактыўных рэчываў.

Яго правялі сацыяльныя педагогі ўстановы Іна Нічыпаровіч і Дзіяна Кацянкова.

– Прафілактыка залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў патрабуе новых падыходаў, – падкрэслілі спецыялісты. – Ранейшыя методыкі запалохвання не працуюць з пакаленнямі Z і Альфа, таму нашай мэтай было фарміраванне ўсвядомленай, а не навязанай звонку адмовы ад разбуральных звычак. Замест дакладаў падрыхтавалі насычаны квэст-фармат, дзе кожная са станцый раскрывала падлеткам новую грань праблемы залежнасці.

Сустрэча пачалася з інтэрактыўнага тэста “Міф ці рэальнасць”. Мы чыталі дзецям распаўсюджаныя сцвярджэнні наконт псіхаактыўных рэчываў, а яны павінны былі адрэагаваць падняццем правільнай карткі з надпісам “Міф” або “Рэальнасць”.

Адной з самых інтрыгуючых стала станцыя “Код свабоды”, дзе ўдзельнікам належала разгадаць складаны рэбус-дэшыфроўку: схаваным было словазлучэнне “Здаровы выбар”.

Тэму фінансавай эксплуатацыі падлеткаў арганізатарамі нарказбыту раскрыў інтэрактыўны кейс “Пастка лёгкіх грошай”. Разам з дзецьмі разбіралі рэальныя схемы ўцягнення моладзі ў незаконны абарот псіхатропаў праз прапановы “простай работы” кур’ерам або закладчыкам.

Нагляднай дэманстрацыяй незваротнасці працэсаў стала гульня “Даміно наступстваў”. Удзельнікі выбудоўвалі ланцужок падзей, пачынаючы ад першага ўжывання, дзе кожнае наступнае звяно паскарала падзенне: страта сяброў – праблемы ў вучобе – канфлікт з законам – ізаляцыя.

Юрыдычную адукаванасць падлеткаў праверылі ў прававым квэсце “Збяры кодэкс”, а станцыя “Факт-квіток арганізму” дазволіла падлеткам праверыць свае веды аб анатоміі і фізіялогіі: у рэжыме рэальнага часу пабачылі на відэа, як менавіта таксіны ўздзейнічаюць на нейроны мозга, печані, сэрца.

Завяршылася сустрэча творчым блокам “Мой шчыт”: кожны ўдзельнік атрымаў шаблон, які неабходна было запоўніць сваімі высновамі.  

Арганізатары мерапрыемства Іна Нічыпаровіч і Дзіяна Кацянкова выказалі ўпэўнасць, што калі дзіця разумее, як сябе абараніць і якія наступствы чакаюць у розных сітуацыях, то перспектыва шкодных звычак становіцца не настолькі прывабнай.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации