КСУП “Хвінявічы” славіцца высокімі паказчыкамі ў жывёлагадоўлі, нязменна знаходзячыся ў лідарах раёна па надоях, прывагах і прыросце пагалоўя. Аднак не ўсе ведаюць, што гэта адзінае з сельгаспрадпрыемстваў Гродзеншчыны, якое займаецца авечкагадоўляй, і робіць гэта паспяхова. Дзякуючы дзяржаўнай праграме падтрымкі авечкагадоўлі і энтузіязму саміх жывёлаводаў, у 2015 годзе на Дзятлаўшчыну прама з Галандыі былі завезены авечкі пароды тэксель, якая за больш чым дзесяцігоддзе выдатна адаптавалася ў беларускіх умовах.
Галоўны заатэхнік КСУП “Хвінявічы” Марыя Слушко расказала пра тое, чым сёння прадстаўлена жывёлагадоўля на прадпрыемстве і як пачуваюць сябе авечкі-імігранткі:

– Пагалоўе дойнага статка штогод пакрыху дабаўляем, на сёння яно складае 1525 галоў, у трусагадоўлі наадварот – скарацілі пагалоўе да 700 галоў, рэалізуем трусоў насельніцтву і на Гродзенскі мясакамбінат. А вось авечкі вельмі запатрабаваны: пастаянна атрымліваем заяўкі ад жадаючых набыць сабе ад адной да дзясяткаў жывёл, асабліва ад фермераў. Вырошчваем авечак пароды тэксель. У 2015 годзе набылі ў сямі галандскіх фермераў 380 ярачак і 20 бараноў гэтай мясашэрснай пароды. Самі ездзілі, праводзілі ўважлівы адбор. Аддалі перавагу менавіта гэтай пародзе, бо яна дае стабільна добры вынік, мяса тэкселяў адрозніваецца выдатнымі смакавымі якасцямі. Галандская парода добра “асвоілася” на беларускай зямлі: на сёння мы падтрымліваем пагалоўе ў 200 асноўных ярак, 20 бараноў-вытворцаў і маладняк. Кожны год удзельнічаем у выставах, самая буйная з іх – “Белагра”. Там паказваем сваіх жывёл і прадаём па папярэдніх дамоўленасцях.


– Якія яшчэ пароды ёсць у гаспадарцы?
– Добра паказваюць сябе змешаныя віды – тэксель у помесі з пародамі суфалк і прэкас, якія растуць хутчэй, вырастаюць большымі, даюць патомства не раз на год, як пародзістыя авечкі, а тройчы ў два гады з большай колькасцю ягнят. Попыт на іх вельмі высокі, такіх жывёл можна паспяхова гадаваць нават на нашых землях.
Цэнтр авечкагадоўлі сельгаспрадпрыемства – ферма “Руда Яварская”, як і на кожным вытворчым участку КСУП “Хвінявічы”, тут узорны парадак. Для авечак створаны ўсе ўмовы – ад раздзельнага выпасу, адборнага рацыёну, зацверджанага галоўным заатэхнікам, да догляду і медыцынскага абслугоўвання. Раз на год – планавая стрыжка, якую робіць спецыяліст, наняты па дагаворы. Усе неабходныя медыцынскія працэдуры праводзяць галоўны ветэрынарны доктар Іван Апанасік і фельчар Яўгенія Урбановіч, таксама яна дапамагае загадчыцы фермы Святлане Скіба ў штодзённых працоўных клопатах.



– Медыцынскі догляд павінен быць пастаянны, трэба вакцынаваць, прымаць акоты, сачыць за ягнятамі, – тлумачыць яна.
Яўгенія Мікалаеўна – адна з самых вопытных работнікаў фермы, свой каштоўны вопыт перадала малодшым калегам і, нават знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не развітваецца з родным калектывам.






Доглядам жывёл на ферме “Руда Яварская” займаюцца чатыры жывёлаводы: Сяргей Пішчык працуе са змешанымі пародамі, Сяргей Чудзілоўскі і Любоў Купрыяновіч – на ўтрыманні чыстапародных племянных авечак. Доглядам трусоў займаецца Наталля Пішчык.

– Рабочы дзень жывёлавода пачынаецца ў сем гадзін раніцы, часта бывае напружаным і ненармаваным. У гэтай прафесіі не кожны зможа працаваць, бо тут патрабуецца не толькі выкананне службовых інструкцый, а вялікае сэрца, чалавечнасць і адказнасць за сваіх падапечных. Сёлета наш калетыў выдатна захаваў пагалоўе, бо жывёлаводы даглядалі ягнят як сваіх уласных, паілі з бутэлечак, пакуль тыя акрэплі, – расказвае Святлана Скіба. – Людзі надзейныя, усе мясцовыя з Руды Яварскай, таму на работу ў любы момант могуць падысці. Аднак усе мы не маладзеем, і хацелася б бачыць такую змену, якая прыйдзе працаваць сюды і таксама палюбіць гэту складаную, але важную работу.


Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga