Пакуль на перадавой жніва механізатары і аграномы прадаўжаюць бітву за ўраджай, тылы надзейна прыкрываюць работнікі збожжасушыльных комплексаў, якія займаюцца дапрацоўкай і складзіраваннем убранага багацця. У ААТ “Граніт-Агра” працуюць чатыры такіх аб’екты, адзін з іх – у аграгарадку Круцілавічы.
– Сушым чорнае золата, – пачынае аповед пра сваю работу старшы аператар КЗСВ-30 участка № 1 “Круцілавічы” Андрэй Буча. – Ураджай сёлета радуе, работы шмат. Рапс толькі пачалі ўбіраць, возяць трэці дзень. Высушылі толькі каля трохсот тон.
Гэта пятнаццаты сезон Андрэя Валянцінавіча, шосты – у адной змене з сынам Кірылам.
– Як працуецца ў такі няпросты сезон? – пытаюся ў суразмоўцы.

– Працаваць заўсёды добра, калі работа зразумелая і любімая. Разам з сынам яшчэ з чэрвеня пачалі рыхтаваць збожжасушыльны комплекс, каб выдатна папрацаваць у сезон. Зерне добра дасохла на корані, таму паступае да нас з невысокай вільготнасцю. Ведаем сваю задачу: якасна дапрацаваць зерне для далейшага захоўвання, даўно валодаем усімі тэхналагічнымі асаблівасцямі. У справе захавання ўраджаю ўсё важна, таму выконваем усе этапы: кожныя дзве гадзіны правяраем тэмпературны рэжым, пад канец змены нават часцей, запаўняем журнал, кантралюем работу абсталявання.
– Госці з праверкамі часта бываюць?
– Так, работа аграрыяў у час уборачнай кампаніі на пастаянным кантролі. Але мы не баімся праверак, бо ўсё робім правільна і адказна.

Андрэй Валянцінавіч рады, што змена, якая доўжыцца суткі, праходзіць разам з родным чалавекам.
Кірыл таксама любіць і паважае бацькаву работу. З дзяцінства цікавіўся справай, прыходзіў да таты на збожжасушыльны комплекс, працаваў тут летам разам са школьнікамі. Зараз ён малады спецыяліст сельгаспрадпрыемства, пасля заканчэння ўніверсітэта працуе тут інжынерам-механікам, а кожнае жніво – аператарам на КЗСВ-30.


– Удзячны бацьку за навуку і цярпенне. Цяпер працуем на роўных, усё робім разам – і ў яму спускаемся, і наверх падымаемся. Заўсёды адчуваю падтрымку і ўпэўненасць, бо тата побач, – расказвае Кірыл.

– Лета – гарачая пара. Ці хапае часу на адпачынак?
– Працуем па графіку суткі праз суткі, але мне дастаткова дня і адпачыць, і лета пабачыць, і з сябрамі сустрэцца. Скончыцца сезон – вярнуся да асноўных абавязкаў, а праз год зноў сюды прыду.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga