Сіла ратаўнікоў – у традыцыях і пераемнасці пакаленняў. Пакуль людзі маюць патрэбу ў дапамозе, на варце іх бяспекі будуць стаяць мужныя, адказныя прафесіяналы. У калектыве Дзятлаўскага РАНС ёсць тыя, хто ўпершыню  будзе святкаваць Дзень пажарнай службы як супрацоўнік. Маладыя ратаўнікі падзяліліся сваімі думкамі і ўражаннямі аб рабоце.

Дзмітрый Яшкевіч, радавы ўнутранай службы, вадзіцель ПАВЧ № 1 горада Дзятлава:

– У калектыве Дзятлаўскага РАНС я толькі тры месяцы, аднак ужо зразумеў, што выбраў правільны прафесійны шлях. Пасля заканчэння каледжа атрымаў прапанову стаць пажарным, пагадзіўся на яе. Паступіў у Дзятлаўскі РАНС на пасаду вадзіцеля, пад куратарства настаўніка Уладзіміра Грамадскага, які дапамагае рабіць крокі ў новай для мяне справе. Першае прафесійнае свята – гэта хваляванне, адказнасць і гонар ад таго, што буду прыносіць прысягу перад сваімі саслужыўцамі і землякамі. Я лічу, што, аднойчы апрануўшы форму МНС, мы павінны быць дастойны яе і сваёй работай пацвярджаць ганаровае званне ратаўніка. Тэорыю і практыку пажарнай справы буду вывучаць на навучальных курсах у горадзе Гомелі, куды паеду праз пару дзён пасля прафесійнага свята. Хачу павіншаваць увесь калектыў Дзятлаўскага РАНС, усё пажарнае братэрства Беларусі са святам і падзякаваць кіраўніцтву аддзела за тое, што паверылі ў мяне і далі шанц праявіць сябе.       

Аляксандр Палуянцэвіч, радавы ўнутранай службы, вадзіцель ПАВП № 11 гарпасёлка Казлоўшчына:

– З дзяцінства хацеў дапамагаць людзям, марыў стаць ратаўніком, але не рашыўся паступаць на гэту спецыяльнасць. Аднак жыццё ўсё расставіла на свае месцы: атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля ў Слонімскім дзяржаўным каледжы і далучыўся да дружнага калектыву пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 у Казлоўшчыне. Служу тут паўгода пад куратарствам Дзмітрыя Плюсніна. Вучыўся ў вучэбным цэнтры каля Барысава на ратаўніка тры месяцы, паспеў папрацаваць па спецыяльнасці з допускамі, давялося нават пабываць на пажары. Быў уражаны тым, як зладжана працуе каманда: кожны ведае свае абавязкі, выконвае работу хутка і прафесійна. Веру, што з часам так атрымаецца і ў мяне, галоўнае – слухаць і дакладна выконваць загады камандзіра. Нядаўна прайшоў перакваліфікацыю на вадзіцеля пажарнай машыны і прыступіў да сваіх абавязкаў. Жадаю ўсім, хто выбраў складаную, адказную  і пачэсную прафесію пажарнага, добрай службы, надзейных сяброў і паменш надзвычайных сітуацый.

Жанчыны ў аддзеле – гэта на ўдачу

Работа ў МНС – гэта не толькі ліквідацыя надзвычайных сітуацый, але і іх прадухіленне. Праводзіць прафілактычную работу з насельніцтвам – нібы кожны раз падбіраць патрэбны ключык да сэрцаў і розумаў людзей. Задача адказная, няпростая, яна патрабуе гнуткасці, уважлівасці, а часам і мацярынскай спагады. Невыпадкова ў сектары прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях працуюць дзве прыгожыя маладыя жанчыны, клапатлівыя матулі, разам з тым – адказныя прафесіяналы сваёй справы. Год беларускай жанчыны і Дзень пажарнай службы – двайная нагода пагутарыць пра выбар прафесіі і тое, што часта застаецца за кадрам.

Напярэдадні прафесійнага свята споўнілася два гады, як у Дзятлаўскім РАНС працуе інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзення з грамадскасцю, лейтэнант унутранай службы Алена Дзісько. Яна пераехала на Дзятлаўшчыну з Астравецкага раёна разам з мужам і маленькай дачушкай, маючы ў багажы дыплом выпускніцы лінгвістычнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “нямецкая мова”. Добрая і ўважлівая па характары, яна разумела, што найлепш можа праявіць сябе ў рабоце з дзецьмі. Аднак педагагічная кар’ера не склалася: лёс прывёў яе ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

– У час адзіных дзён камплектавання МНС на базе цэнтра я назірала, як працуюць спецыялісты Дзятлаўскага РАНС. Калі даведалася, што ў сектары вызваляецца пасада інспектара па прапагандзе, захацела ўладкавацца туды, звярнулася па параду да свайго начальства. Дзякуй дырэктару Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяне Нікіпорчык, якая дала дабро на пераход, падтрымала мяне як кіраўнік і старэйшы таварыш, пажадала поспехаў на новым месцы, – расказвае Алена Сцяпанаўна.

Вядучы спецыяліст сектара, наша зямлячка Анастасія Лагуцік таксама прыйшла ў службу выратавання са сферы адукацыі. Яна мае дыплом ВНУ па практычнай псіхалогіі, вопыт адміністрацыйнай работы, узаемадзеяння з моладдзю, валодае якасцямі лідара і аратарскім майстэрствам, што дапамагае ёй у паўсядзённай рабоце.

–  Я помню нашу першую акцыю, якую я праводзіла як першы сакратар райкама БРСМ сумесна з сённяшнім намеснікам начальніка Дзятлаўскага РАНС Аляксандрам Беленкам, які тады працаваў у сектары прапаганды. З тых далёкіх часоў у мяне асаблівае стаўленне да пажарнай службы. А калі паўтара года таму атрымала прапанову працаваць у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, зразумела, што мне па сілах, гэта тая работа, якой я сапраўды хачу займацца, – расказвае Анастасія Сяргееўна.

– Як вам працуецца ў межах маленькага жаночага калектыву і вялікага – мужчынскага?

Алена Дзісько:

– Мы абсалютна розныя па характары і здольнасцях: я больш спакойная і грунтоўная, Анастасія –  пастаянны генератар крэатыўных ідэй і лакаматыў. У мяне добра атрымліваецца праводзіць акцыі і мерапрыемствы ў калектывах, яна цудоўна піша тэксты. Пры розных густах, палярна супрацьлеглых тэмпераментах і падыходах да работы мы ідэальна дапоўнілі адна адну і сталі па-сапраўднаму эфектыўнай камандай, таксама пасябравалі.

Анастасія Лагуцік:

– Ніколі не акцэнтуем увагу на жаночай і мужчынскай частцы калектыву. Кожны з нас – чалавек, асоба, якая патрабуе павагі і падыходу. Гэта дзейнічае як у рабоце, так і ў стасунках з калегамі па працы. Адчуваем сябе адказнымі не толькі за выкананне працоўных абавязкаў, але і за падтрыманне добразычлівай, пазітыўнай атмасферы ў калектыве. Мы – своеасаблівыя захавальніцы працоўнага “ачага” ў Дзятлаўскім РАНС.    

– У вас часта ненармаваны графік. Хто з дзецьмі, пакуль матулі на рабоце?

Алена Дзісько:

– На Дзятлаўшчыне з родных людзей у мяне толькі муж і дачка, таму спраўляемся сваімі сіламі. Калі трэба працаваць на мерапрыемствах, удзельнічаць у рэйдах увечары або ў выхадны, дачка разам з татам, бывае нават ездзіць з ім на работу ў лес. Калі працуем на інтэрактыўнай пляцоўцы на святах, мае блізкія прыходзяць пагуляць і падтрымаць маму. Таксама муж – першы памочнік у вырабе матэрыялаў і гульняў для прафілактычнай работы з дзецьмі і дарослымі.

Анастасія Лагуцік:

– Маіх сына і дачку вельмі цікавіць тое, чым мама займаецца на рабоце, таму пасля працоўнага дня расказваю ім навіны. Усе новыя гульні і актыўнасці, якія выкарыстоўваем у рабоце са школьнікамі, прапануем спачатку сваім дзецям, правяраем, цікава ім ці не. Калі ёсць магчымасць, мае дзеці са мной разам удзельнічаюць у рабоце інтэрактыўных пляцовак Дзятлаўскага РАНС, заўсёды з гонарам расказваюць сябрам, што мама працуе ў пажарнай службе.

– Што пажадаеце калегам з нагоды свята?

– Работа ў ратаўнікоў няпростая, і кожнаму хочацца пасля яе заканчэння вяртацца ў сям’ю, да блізкіх, якія любяць і чакаюць, разумеюць і падтрымліваюць. Жадаем, каб быў надзейны тыл, задаволенасць ад кожнага працоўнага дня, жаданне ісці на працу з добрым настроем і таксама вяртацца адтуль. Ніколі не забывайце пра сваё асаблівае прызначэнне дапамагаць людзям у любы час і любой сітуацыі, а таксама тое, за што вы выбралі пажарную службу. Ганарыцеся і заставайцеся вернымі свайму абавязку. Таксама кожнаму ратаўніку нашай краіны адрасуем пажаданні моцнага здароўя і сухіх рукавоў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
25 ліпеня – Дзень пажарнай службы
Дзень пажарнай службы – у Дзятлаўскім РАНС
Як аформіць імігранта на работу?

Похожие публикации