Адкрыў праграму парад працоўных калектываў пад гукі народнага духавога аркестра – прадстаўнікі прадпрыемстваў і дзяржаўных установаў пранеслі па пасёлку свае сцягі. А пасля ўрачыстага маршу гасцей чакалі інтэрактыўныя пляцоўкі, узнагароджанне, палявая кухня, яркія музычныя нумары і турнір па шахматах і шашках.










Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Ала Гародка павіншавала землякоў са святам пасёлка, за актыўную жыццёвую пазіцыю і шматгадовую добрасумленную працу актывістам уручыла ўзнагароды – падзячныя пісьмы ад старшыні Дзятлаўскага райвыканкама. З асаблівай цеплынёй ушанавалі сем’і, якія сёлета адзначаюць залатое і сярэбранае вяселле, доўгажыхароў, а таксама маці, якія нарадзілі ў гэтым годзе, і шматдзетных матуляў з ордэнам Маці.



























Выстава вайсковай часці стала сапраўдным пунктам прыцягнення для ўсіх пакаленняў: тут можна было ўбачыць узоры ўзбраення, прымерыць ахоўныя шлемы і бронекамізэлькі, а таксама зрабіць памятныя здымкі.



Сваю разынку ўнёс у свята Дзятлаўскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр – на яго пляцоўцы гасцей захапіла гульня з пазламі, а таксама працавала пазнавальная інфармацыйная выстава. Сапраўдны аншлаг сабралі пляцоўкі раённага аддзела Дэпартамента аховы і РАНС – дзеці і дарослыя з непадробнай цікавасцю разглядалі спецтэхніку, вывучалі абсталяванне і задавалі пытанні пра работу ратаўнікоў і міліцыянераў, супрацоўнікі ў даступнай форме нагадвалі аб правілах бяспекі ў побыце і на дарозе. Не засталіся без увагі і стэнды лікёра-гарэлачнага завода “Алгонь” – дарослая публіка з задавальненнем знаёмілася з прадукцыяй і дэгуставала новыя пазіцыі.










Самым смачным кутком фэста стала пляцоўка “Казлоўшчынскія прысмакі” – тут установы культуры і арганізацыі раёна здзіўлялі гасцей сваімі кулінарнымі шэдэўрамі. Журы ацаніла старанні па заслугах: граматы атрымалі Гезгалаўскі, Новаяльнянскі і Данілавіцкі дамы культуры. Бронза дасталася Казлоўшчынскай сярэдняй школе, серабро – мясцоваму дзіцячаму садку, а абсалютную перамогу атрымала гарадская бальніца Казлоўшчыны, чые стравы пакарылі ўсіх без выключэння.






















Вялікую аўдыторыю сабраў каля сцэны народны вакальна-інструментальны ансамбль “Шкляры” з Бярозаўкі. Дарослыя падпявалі знаёмыя песні, а артысты зараджалі сваёй энергіяй і майстэрствам.

Для юных гасцей арганізатары падрыхтавалі сапраўдны сюрпрыз – пенную вечарынку. Дзеці са смехам ныралі ў гурбы з пены, лавілі бурбалкі і весяліліся пад музыку. Бацькі таксама не засталіся ўбаку — яны з задавальненнем фатаграфавалі сваіх дзетак і дапамагалі малышам будаваць пенныя замкі.
Фінальным акордам фэста стала дыскатэка, якая аб’яднала ўсіх удзельнікаў на пляцоўцы каля сцэны. Музыка гучала на любы густ – ад рэтра-хітоў да сучасных рытмаў, і нават самыя сарамлівыя не ўтрымаліся ад танцаў. Яркае святло, знаёмыя мелодыі і ўсеагульная весялосць ператварылі завяршэнне свята ў сапраўдны танцавальны марафон.




Ксенія МІКЛАШ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga