Навядзенне парадку на зямлі – не толькі пра чысціню і прыгажосць, але і пра элементарны камфорт жыцця ў сваім населеным пункце. Аб гэтым чарговы раз нагадала пісьмо ад жыхароў вёскі Горка нашага раёна, якое прыйшло ў чат-бот газеты “Перамога”.
Мясцовыя жыхары падрабязна апісваюць сітуацыю, якая, па іх меркаванні, склалася ў населеным пункце:
– Наш дом знаходзіцца ў вёсцы Горка па вуліцы Цэнтральнай, 9А, але знайсці яго старонняму чалавеку няпроста. Ён размешчаны за будынкам былой канторы, але цяпер з-за зарасніку таполяў яго не відаць. Хмызняк падыходзіць да будынка, і мы не ў сілах яму супрацьстаяць. У доме сем жыхароў, з якіх два – інваліды. Усе людзі пенсіённага ўзросту. Нас не могуць знайсці хуткая дапамога і іншыя службы. Жыхары дома карыстаюцца паслугамі таксі, бо аўтобус не кожны дзень ідзе ў Дзятлава, а вось вадзіцелі таксі не хочуць ехаць пад наш дом з-за лужыны каля з’езда з цэнтральнай дарогі. З гэтай праблемай мы звярталіся да папярэдняга кіраўніка сельсавета, нам адказалі, што ўказальнік мы можам самі зрабіць, лужыну засыпалі, але няякасна, вада так і засталася. На просьбу аб навядзенні парадку атрымалі адказ, што пры сельсавеце няма работнікаў і тэхнікі. І цяпер нам даводзіцца выходзіць на цэнтральную дарогу, каб сустрэць “хуткую” ці іншыя службы. У доме жывуць людзі, якія ходзяць на мыліцах і з палачкамі. Каля дома стараемся навесці парадак самі, але тэрыторыя вялікая, і нам патрэбна дапамога. Дайсці да магазіна блізка, але ісці праз поле, дзе стаіць трава 1-1,5 метра.
Да нашай святыні “Паклонныя камяні” часта прыязджае шмат людзей, але ўказальнік дарогі туды мае непрывабны выгляд. Працуе і наша царква, аднак дайсці да яе па такой дарозе няпроста. Участак дарогі каля 700-800 метраў жахлівы. Аб’явы аб рабоце царквы вешаюць на слупе каля магазіна, бо дошка аб’яваў згніла. Мы радуемся, што паўсюль нешта робіцца, хацелася б, каб і нас заўважылі. Да вёскі Боркі зрабілі асфальт, а да Горкі 6-7 кіламетраў засталося. Усё было добра, калі ў нас быў цэнтр калгаса, а цяпер мы засталіся ўбаку, а тут жывуць людзі, якія працавалі ў калгасе. Наконт асфальтавання дарогі мы не раз звярталіся і да дэпутатаў, але нам толькі абяцалі падсыпку. Па такой дарозе да нас не хоча ехаць нават таксі, хаця да Дзятлава мы плацім 35 рублёў. Спадзяёмся на вашу дапамогу, дзякуй ад усіх жыхароў дома.

Адказ на пытанне даў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік:
– На паведамленне, якое паступіла ў чат-бот газеты “Перамога” па пытанні ўтрымання месцаў агульнага карыстання вёскі Горка і асфальтаванні пад’язной дарогі да населенага пункта, Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт паведамляе, што адпаведна артыкулу 44 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 года № 108-3 “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь” выканкамы пярвічнага ўзроўню забяспечваюць добраўпарадкаванне і падтрыманне належнага санітарнага стану на адпаведнай тэрыторыі, у тым ліку ў аграгарадках.
Старшыні Войневіцкага сельвыканкама сумесна з іншымі службамі даручана прыняць меры па навядзенні парадку на землях агульнага карыстання вёскі Горка, арганізацыі работ па рамонце пад’язной дарогі да дома і населенага пункта, замене ўказальнікаў у выпадку неабходнасці і дошкі аб’яваў каля царквы.
Пералічаныя пытанні пастаўлены на кантроль, інфармацыя аб прынятых мерах будзе паведамлена дадаткова.



Падрыхтавала да друку Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga