Сонцам, бадзёрасцю, цеплынёй, пахам лугавых траў сустракала аграсядзіба “Каля дуба” і яе гаспадары Сяргей і Жанна Калпінскія ўдзельніц раённага сацыяльна-актыўнага праекта да Года беларускай жанчыны “Зарадка з лідарам”. На гэты раз у якасці лідара на мерапрыемства была запрошана начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, а ў спартыўны строй на зарадку побач з ёй сталі кіраўнікі ўстановаў адукацыі Дзятлаўшчыны.

Нагадаем, што праект ініцыяваны сектарам спорту райвыканкама пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Прысутных павіталі і пажадалі ім пазітыўных эмоцый і добрага настрою галоўны спецыяліст сектара спорту райвыканкама Наталля Калодка і лідар раённага жаночага руху Алена Васкель, а гаспадыня Жанна Калпінская заклікала жанчын за час сустрэчы наталіцца сонцам, свежым паветрам і надоўга зарадзіцца энергіяй ад прыроды.

Практыкаванні з жанчынамі выканала фітнес-інструктар Ала Аблажэй.

Традыцыйна за актыўнай часткай удзельніц чакала шчырая размова-інтэрактыў “Лідар без купюр” з Марынай Лашкоўскай, у час якой кіраўнік сферы адукацыі адказала на пытанні з фітнес-бокса і падзялілася ўласнымі лайфхакамі, як ёй удаецца быць прыгожай, паспяховай, гарманічнай кожны дзень. Прыемным дапаўненнем да гутаркі сталі сельская цішыня і духмяны чай са свежай мятай, які прапанавала гасцям Жанна Калпінская.

Пытанні для лідара:

– Якую якасць лічыце галоўнай для сябе як кіраўніка?

– Мяккую жаночую дыпламатыю.

– Ідэальны адпачынак для вас?

– Сельская цішыня, такая, як на сядзібе “Каля дуба”.

– Якімі трыма важнымі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб вы ўзялі яго ў зборную лідараў адукацыі раёна?

– Вышэй, хутчэй, мацней, як пры здачы нарматываў “Гатовы да працы і абароны”.

– З чаго складаецца поспех сістэмы адукацыі нашага раёна?

– Любы поспех – гэта людзі: навучэнцы, бацькі, педагогі і, безумоўна, каманда кіраўнікоў, бо нічога не робіцца само па сабе без намаганняў, волі і паўсядзённай працы.

– Як часта жаночая інтуіцыя дапамагае вам прымаць складаныя кадравыя і стратэгічныя рашэнні?

– Інтуіцыя ў мяне ёсць, аднак да прыняцця важных рашэнняў падыходжу вельмі ўдумліва і ўзважана, абмяркоўваю іх з калегамі, і толькі ў час гэтага працэсу могуць адбыцца карысныя інтуітыўныя “падказкі”.

– Якая выпрацаваная гадамі звычка дапамагае вам пры рашэнні складаных стрэсавых задач?

– Актыўнасць думак, іх хуткасць. Заўжды нараджаецца некалькі магчымых варыянтаў, а потым пэўныя з іх увасабляю ў жыццё.

– Ці быў у вашай педагагічнай кар’еры момант, калі хацелася ўсё кінуць і пайсці ў іншую сферу?

– Ніколі. Я заўжды хацела быць настаўнікам, нічога не жадаю мяняць.

– Як захоўваць унутраную гармонію і не выгараць на кіраўнічай рабоце?

– Любіць сябе ў добрым сэнсе гэтага слова: клапаціцца аб сваім псіхалагічным стане, унутранай гармоніі, фізічным здароўі, больш пакідаць часу на сябе, правільна дэлегаваць задачы, давяраць калегам, у тым ліку маладым.

– Тры галоўныя словы, якімі можна апісаць ідэальнага лідара.

– Крэатыўны, мудры, сумленны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации