Больш за 14 тысяч шматдзетных сем’яў Гродзенскай вобласці атрымаюць сёлета матэрыяльную дапамогу на падрыхтоўку дзяцей да школы. Прыём заяваў пачнецца з 1 ліпеня, а самі выплаты будуць ажыццяўляцца з 1 жніўня.

Як гэта работа арганізавана на Дзятлаўшчыне і каму чакаць грашовай падтрымкі, расказала метадыст Дзятлаўскага раённага метадычнага кабінета Таццяна Сіўко:

– У нашым раёне стартавала традыцыйная штогадовая акцыя “Збяром дзяцей у школу” па аказанні дапамогі шматдзетным і іншым катэгорыям сем’яў у падрыхтоўцы дзяцей да 2026-2027 навучальнага года.

У рамках Дзяржаўнай праграмы “Развіццё дэмаграфічнага патэнцыялу” на 2026-2030 гады на атрыманне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі маюць права сем’і, якія гадуюць трох і больш дзяцей, – на кожнага навучэнца, які вучыцца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі) у Рэспубліцы Беларусь. Такая дапамога аказваецца за кошт сродкаў раённага бюджэту ў памеры 30 % бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на 1 жніўня каляндарнага года.

У гэтым годзе ўдзел у акцыі прыме і атрымае матэрыяльную дапамогу 551 навучэнец, які вучыцца ва ўстановах агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі (на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі), з 258 шматдзетных сем’яў Дзятлаўскага раёна.

Для ўдзелу ў акцыі і аказання дапамогі сем’ям з дзецьмі-школьнікамі плануецца прыцягнуць дадатковыя сродкі і патэнцыял прафсаюзных арганізацый і наймальнікаў, грамадскіх аб’яднанняў і рэлігійных канфесій. Асаблівая ўвага будзе нададзена аказанню падтрымкі па падрыхтоўцы да школы дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-сірот і якія засталіся без апекі бацькоў, дзяцей з інваліднасцю і прызнаных у сацыяльна небяспечным становішчы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#образование

Похожие публикации