Пытанне: як засцерагчы моладзь ад уцягнення ў злачынную дзейнасць праз інтэрнэт-прапановы аб хуткіх заробках?

Адказвае інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Арына Грыб:

– Службамі прафілактыкі нашага раёна ажыццяўляецца актыўная работа па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх. Асаблівую актуальнасць тэма набывае ў час летніх канікулаў, калі ў школьнікаў з’яўляецца шмат вольнага часу, які яны бавяць пераважна ў інтэрнэт-прасторы. На жаль, там маладыя людзі могуць адшукаць не толькі карысную інфармацыю, але і сутыкнуцца з пагрозамі ці падазронымі прапановамі аб працаўладкаванні з важкім заробкам. Як правіла, падобная рэклама распаўсюджваецца нарказбытчыкамі. Праз падман і маніпуляцыі яны імкнуцца ўцягнуць падлеткаў у збыт псіхатропаў шляхам так званых закладак.

Непаўналетнія і іх бацькі павінны ведаць, што крымінальная адказнасць за незаконны абарот наркотыкаў пачынаецца з 14 гадоў. Самыя жорсткія санкцыі прадугледжаны пры смяротным выпадку ад ужывання псіхатропаў, за што збытчыку пагражае да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Аб уцягненні дзіцяці ў наркаабарот могуць сведчыць устаноўленыя на мабільным тэлефоне месенджары, якія дазваляюць набываць наркотыкі праз інтэрнэт: VIPole, WickrMi, WeChat, Signal і ананімны браўзер TOR, а таксама дадаткі, якія дазваляюць вызначаць GPS-каардынаты і накладваць іх на фотаздымкі, напрыклад, NoteCam GPS Map Camera SurveyCam – GPS і іншыя. Гэтыя праграмы на 90 % выкарыстоўваюцца менавіта збытчыкамі наркотыкаў. Таксама насцярожыць бацькоў павінна з’яўленне свабодных грашовых сродкаў, банкаўскіх картак, новых рэчаў, старэйшых сяброў, тое, што падлетак пачаў замыкаць на ключ свой пакой, памяняў паролі на гаджэтах. Для недапушчэння падобнага варта прымаць меры па адсочванні актыўнасці сваіх дзяцей у інтэрнэце, ведаць, з кім яны перапісваюцца, што запытваюць у пошукавых сістэмах, а дапамогуць дарослым праграмы бацькоўскага кантролю, якія бясплатна можна ўстанаўліваць на мабільныя тэлефоны і камп’ютары.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации