У нашай краіне ў топе важных для эканомікі спецыялістаў застаюцца дактары, настаўнікі, аграрыі, будаўнікі, некаторыя іншыя работнікі. Што прадугледжана ў час уступнай кампаніі-2026 пры паступленні па мэтавых накіраваннях і на запатрабаваныя спецыяльнасці, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– Уступная кампанія сёлета пройдзе ў знаёмым фармаце. Нязменная і галоўная задача, якую ставіць Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, – забеспячэнне справядлівых, роўных і камфортных умоў для матываванай моладзі.

Паступленне па мэтавых накіраваннях у Беларусі ў 2026 годзе дае права бясплатнага навучання пры гарантаваным працаўладкаванні. Асноўныя асаблівасці такой формы – асобны конкурс да пачатку агульнага набору, заключэнне дагавора з арганізацыяй-заказчыкам (медыцына, педагогіка, аграпрамысловы комплекс), а пасля заканчэння вучобы – абавязковая адпрацоўка ў заказчыка на працягу пяці гадоў. Дарэчы, у будучых аграрыяў ёсць дадатковы прыемны бонус: пры залічэнні па мэтавых дагаворах за кошт сродкаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ім прадугледжаны выплаты ад 5 да 10 базавых велічыняў у дадатак да стыпендыі (гэта 225-450 рублёў штомесяц).

Варта ўзгадаць і пра магчымасць паступлення па субяседаванні для навучэнцаў профільных класаў. Перавагу пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці аграпрамысловага комплексу маюць выпускнікі аграрных класаў. Пры наяўнасці мэтавага дагавора яны могуць быць залічаны па выніках субяседавання (без экзаменаў/ЦЭ/ЦТ), аднак пры гэтым абавязковым будзе праходжанне профільных факультатываў і адзнакі па профільных прадметах не ніжэйшыя за 6 балаў.

Падобныя льготы ёсць у выпускнікоў педагагічных класаў: на педагагічныя спецыяльнасці яны залічваюцца па выніках субяседавання, але ўжо з ацэнкамі 8+ па профілі і 7+ па астатніх прадметах. Абсалютна аналагічная перавага пры субяседаванні і ў выпускнікоў інжынерных класаў, аднак такія абітурыенты яшчэ павінны атрымаць рэкамендацыю педагагічнага савета сваёй школы, якая пацвярджае паспяховае засваенне праграмы інжынернага класа.

У цэлым, правіламі прыёму ўстаноўлена, што абітурыенты, якія паступаюць на ўмовах мэтавага дагавора, здаюць адно ўнутранае ўступнае выпрабаванне ў вуснай або практычнай форме па вучэбным прадмеце, які вызначаны ўстановай прадметам першага профільнага выпрабавання.

Асобна некалькі слоў хачу сказаць пра навучэнцаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Яны могуць быць залічаны ў ВНУ па субяседаванні пры наяўнасці рэкамендацыі назіральнага савета тэхнапарка. У 2026 годзе такой ільготай скарыстаюцца два выпускнікі-адзінаццацікласнікі Дзятлаўшчыны: Лізавета Маліка з Новаяльнянскай сярэдняй школы імя А. А. Шаўчук і гімназіст Максім Дзяхцевіч.

Права на залічэнне ва ўніверсітэт без уступных выпрабаванняў пры паступленні на спецыяльнасці, якія адпавядаюць вучэбнаму прадмету профільнай алімпіяды, атрымалі пераможцы шматпрофільнай універсітэцкай алімпіяды. У Дзятлаўскім раёне такім чынам студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы сталі шэсць выпускнікоў: тры – з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча і столькі ж з гімназіі № 1 горада Дзятлава.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации