Штогод у чэрвені адзначаецца Сусветны дзень донара крыві. Ён прысвечаны людзям, якія ахвяруюць часцінку сябе, каб выратаваць чыёсьці жыццё. Без рэгулярнага папаўнення запасаў крыві многія медыцынскія працэдуры становяцца проста немагчымымі.


Напярэдадні гэтай даты ў Дзятлаве прайшоў дзень донара. Разам са старшынёй раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галінай Касцюк наведаліся ў раённую бальніцу, каб пагутарыць з землякамі, якія займаюцца гэтай важнай справай.

– Раз у месяц у Дзятлава прыязджае мабільная лабараторыя Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы, у якой і можна здаць кроў, – расказвае медсястра кабінета трансфузіялогіі Галіна Юрчук. – Сёння ў нас 27 жадаючых, а ўвогуле ў раёне вельмі шмат донараў. Дарэчы, прайсці папярэдні медыцынскі агляд і запісацца неабходна загадзя, а непасрэдна перад працэдурай донары яшчэ раз здаюць аналіз на гемаглабін. Пэўна, усе ведаюць, што кроў неабходна для лячэння многіх захворванняў, правядзення складаных аперацый, аказання экстраннай медыцынскай дапамогі. А забяспечыць яе дастатковую колькасць можна толькі за кошт рэгулярнай здачы добраахвотнымі донарамі. Таму заклікаю ўсіх жадаючых станавіцца імі.


Галіна Касцюк адзначыла, што Таварыства Чырвонага Крыжа штогод далучаецца да акцый па добраахвотнай здачы крыві:

– Мы расказваем жыхарам раёна пра гэту карысную справу, запрашаем у донарскі рух новых удзельнікаў. Донарства – гэта асабісты прыклад дабрыні. Сваім учынкам чалавек, які здаў кроў, натхняе блізкіх і калег: калі людзі бачаць, што гэта проста і важна, яны таксама вырашаюць зрабіць крок.


Медыцынскія работнікі як ніхто ведаюць, наколькі важная кроў і яе кампаненты ў справе выратавання чалавечага жыцця. Больш за дваццаць гадоў з’яўлялася донарам фельчар Ала Трубко, пачынала яшчэ ў 90-х:

– Раней я працавала дыспетчарам на хуткай дапамозе, бачыла людзей у вельмі цяжкім стане і думала, чым жа я змагла б ім дапамагчы. Таму і пачала здаваць кроў. Даводзілася нават неаднаразова ўдзельнічаць у прамым пераліванні крыві людзям пасля аварыі, перажывала, ці выжылі яны. Многія мне потым дзякавалі за дапамогу ў выратаванні родных. Пасля таго, як здала кроў 41 раз, мне прысвоілі званне ганаровага донара.

Ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Ала Аляксееўна атрымала памятны падарунак і шчырыя словы ўдзячнасці.

Аксана Емяльянчык два гады таму стала донарам і раіць гэта ўсім, у каго няма супрацьпаказанняў па стане здароўя. Медык запэўнівае, што на сёння донарства крыві з’яўляецца зусім бясшкоднай і бяспечнай працэдурай. Для здаровага чалавека яна нават карысная: адбываецца актывізацыя ўсіх функцый і сістэм арганізма,стымулюецца крывятварэнне і павышаецца імунітэт, памяншаецца верагоднасць узнікнення сардэчна-сасудзістых захворванняў, амаладжаецца арганізм. Пры заборы крыві выкарыстоўваюцца толькі аднаразовыя стэрыльныя сістэмы, таму рызыка заражэння якімі-небудзь інфекцыямі абсалютна выключана.

Пяты раз здае кроў Дзяніс Барук, расказаў, што на добрую справу яго натхніла жонка, якая сама з’яўляецца донарам, а таксама дзядуля – ганаровы донар. Малады чалавек сцвярджае, што здаць кроў зусім нескладана, а прыемна адчуваць, што ты не застаешся безуважным да хворых людзей і такім спосабам паляпшаеш іх жыццё. Неабходна дапамагаць адзін аднаму, спагадаць тым, каму асабліва цяжка.

Наступны раз здаць кроў у Дзятлаве можна будзе 17 чэрвеня.
Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае