Не зусім звычайна скончыўся гэты навучальны год для навучэнцаў Круцілавіцкай базавай школы – яны пабывалі на экскурсіі ў рэдакцыі раённай газеты “Перамога”. Як прызналіся самі, ніхто з іх не быў тут раней, але газету добра ведаюць, бо выпісваюць яе дома, у школе, знаёмыя. Тым не менш, атрымаць самы свежы нумар выдання захацелася ўсім.  А тым больш паглядзець, як ён ствараецца, пазнаёміцца з  супрацоўнікамі, пачуць адказы на хвалюючыя пытанні. А іх было нямала: ці складана пісаць тэксты, як павіншаваць сваіх родных з рознымі нагодамі, колькі важыць сучасны фотаапарат, ці шмат прыходзіцца пісаць у дзень, якая зарплата ў карэспандэнта і шмат іншых.

Дзеці пабывалі і на вёрстцы газеты, дзе на час іх наведвання рыхтаваўся суботні нумар, адна са старонак якога прысвечана дзіцячай бяспецы на канікулах. Яны паабяцалі, што абавязкова яе прачытаюць і будуць выконваць усе правілы, каб лета сапраўды стала для іх прыемным і бяспечным.

Асаблівую цікавасць выклікаў музейны куточак установы, дзе кожнаму хацелася пагартаць старыя падшыўкі газет, падрукаваць на пішучай машынцы, націснуць на спуск фотаапарата.

Напрыканцы  – фота на памяць і пажаданні ад раёнкі самага найлепшага адпачынку, набрацца за лета новых сіл, падмацаваць здароўе, расці, вучыцца і выбраць сабе справу па душы.

Таццяна САНЮК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации