Фонд Дзятлаўскай раённай бібліятэкі папоўніўся ўнікальнай сацыяльна значнай літаратурай – серыяй з чатырох кніг. Гэта выданне з’яўляецца сапраўдным падарункам для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, культурай і сённяшнім днём нашай Радзімы. Кожная кніга серыі адкрывае перад чытачом важную старонку жыцця беларускага народа, запрашаючы да глыбокага і асэнсаванага чытання.

Серыя пабудавана вакол чатырох фундаментальных тэм, якія аб’ядноўваюць пакаленні:
— “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці: са старажытных часоў да нашых дзён”. Тут расказваецца аб узнікненні, станаўленні і развіцці дзяржаўнасці на беларускіх землях у розныя перыяды, а таксама аб ролі дзяржавы ў развіцці эканомікі, культуры, адукацыі беларускага народа;
— “Беларусь: культурная і духоўная спадчына”. Гэта маляўнічае выданне прысвечана развіццю беларускага этнасу, нацыянальнай культуры і мастацтва. Асобныя раздзелы кнігі знаёмяць чытача з унікальнымі народнымі традыцыямі, абрадамі, каляндарнымі святамі і самабытнымі мастацкімі рамёствамі, якімі славіцца наша зямля;
— “Беларусь: трагедыя і праўда памяці: генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. У кнізе расказваецца аб эканамічных, культурных і дэмаграфічных наступствах генацыду, захаванні ў Рэспубліцы Беларусь гістарычнай памяці аб ахвярах генацыду і барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі;
— “Беларусь сучасная: краіна і людзі”. Выданне прысвечана сённяшняму дню нашай дзяржавы, яе галоўным дасягненням і патэнцыялу. Кніга яскрава і наглядна дэманструе поспехі краіны ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, медыцыне, навуцы, культуры і турызме.
Дзятлаўская раённая бібліятэка запрашае ўсіх жыхароў і гасцей горада наведаць чытальную залу і бліжэй пазнаёміцца з навінкамі.
Святлана МАГЕРА,
загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі біліятэкі
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga