У маляўнічым куточку Слонімшчыны, турыстычным комплексе “Гутка”, адбылося яркае патрыятычнае мерапрыемства – міжраённы праект савета ветэранаў “Маёўка памяці”. Гэты майскі форум стаў важнай падзеяй для прадстаўнікоў старэйшага пакалення нашага рэгіёна.

Сустрэча прайшла ў цёплай, сяброўскай атмасферы. Канцэртную праграму вялі гаспадары мерапрыемства Алена Захарава і Вольга Шлыковіч. Для гасцей з песнямі выступілі Наталля Агаркава, Валянціна Гук, Аляксандр Небяжэнка, Дар’я Мелкумян і Галіна Урадзімская. Госці, у сваю чаргу, паказалі візітныя карткі раёнаў і некалькі канцэртных нумароў. Сярод запрошаных – прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый Дзятлаўскага, Зельвенскага, Шчучынскага, Ваўкавыскага, Мастоўскага раёнаў. У склад дэлегацыі Дзятлаўшчыны ўваходзілі члены клуба “У коле сяброў”, які працуе пры Дварэцкім доме культуры, а таксама старшыня савета ветэранаў Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец і старшыня савета ветэранаў педагагічных работнікаў Дзятлаўшчыны Алена Абрамчык.

На “Алеі пакаленняў” старшынямі ветэранскіх арганізацый былі высаджаны туі. Усе ўдзельнікі сустрэчы ўзнагароджаны падзякамі і памятнымі сувенірамі. Мерапрыемства стала не толькі магчымасцю ўшанаваць памяць герояў вайны, але сустрэцца з сябрамі, паразмаўляць і падтрымаць адзін аднаго. Праект “Маёўка памяці” аб’яднаў ветэранаў некалькіх пакаленняў і нагадаў пра тых, хто змагаўся за нашу будучыню. Важнасць патрыятызму і павагі да гераічных старонак гісторыі – вось тое галоўнае, што чырвонай ніткай прайшло праз усё мерапрыемства. “Маёўка памяці”, спадзяемся, дала штуршок для новых сустрэч вэтэранаў суседніх раёнаў, абмену вопытам работы па захаванні гістарычнай памяці. Бо без мінулага няма будучыні.

Алена АБРАМЧЫК,
старшыня cавета ветэранаў педагагічных работнікаў Дзятлаўшчыны

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации